Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўнесла змены ў правілы вакцынацыі ад COVID-19
13- 19.01.2023, 19:18
- 12,538
У тым ліку для дзяцей і цяжарных.
Міністэрства аховы здароўя загадам № 57 ад 16 студзеня зацвердзіла змены ў правілы правядзення вакцынацыі ад каранавіруса COVID-19, у тым ліку бустэрных прышчэпак, вакцынацыі дзяцей і цяжарных жанчын. Дакумент апублікаваны на сайце Міністэрства аховы здароўя.
Загад зацвярджае новую інструкцыю аб парадку правядзення асноўнай і бустэрнай вакцынацыі. Папярэдняя інструкцыя была ўведзеная 8 жніўня.
Як і даўней, бустэрная вакцынацыя праводзіцца праз шэсць і больш месяцаў шляхам увядзення адной дозы вакцыны. Але цяпер яе можна рабіць з 5 гадоў (даўней было толькі з 18 гадоў).
Раней для бустэрнай вакцынацыі выкарыстоўвалі толькі вакцыны "Спутнік V" і "Спутнік Лайт" - любым з кампанентаў без чаргавання і незалежна ад таго, які прэпарат уводзілі даўней. Цяпер жа для бустэрнай вакцынацыі можна выкарыстоўваць усякія даступныя вакцыны, дапушчальныя да выкарыстання з улікам веку і (супраць) паказанняў пацыента.
Даўней у інструкцыі было асобна прапісана, што цяжарным і жанчынам-карміцелькам пры бустэрнай вакцынацыі ставяць кітайскую вакцыну "Сінафарм" або іншы прэпарат, але не "Спутнік V" і "Спутнік Лайт". Цяпер гэтае абмежаванне знятае.
Што ж да асноўнай (першаснай) вакцынацыі, даўней дзяцей да 18 гадоў прышчэплівалі толькі "Сінафармам", цяпер жа ніякіх дадатковых абмежаванняў няма - акрамя абмежаванняў саміх прэпаратаў у адпаведнасці з іх інструкцыяй.
Акрамя таго, цяпер дазволена рабіць прышчэпку ад каранавіруса ў адзін дзень разам з іншымі прышчэпкамі паводле календара вакцынацыі і эпідэмічным паказаннем, выконваць двухтыднёвы інтэрвал больш не трэба (толькі калі гэта не прапісана ў інструкцыі да прэпарата). Нельга спалучаць прышчэпку ад ковіда толькі з жывымі вакцынамі.