Арына Сабаленка перамагла на Australian Open
57- 28.01.2023, 14:30
- 14,584
У фінале «Вялікага шлема» беларуска перамагла спаборніцу з Казахстана.
Арына Сабаленка перамагла ў фінале Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. Беларуская тэнісістка зламала супраціўленне Алены Рыбакінай з Казахстана. Гэта яе 12-ы тытул WTA ў кар'еры і першы на турніры «Вялікага шлема».
У трох папярэдніх сустрэчах гэтых спаборніц Сабаленка падолела - так выйшла і на гэты раз. Лік гульні — 4:6, 6:3, 6:4.
У першым сэце Сабаленка (пяты нумар рэйтынгу WTA) аддала сваю падачу пры ліку 1:1. Хаця Арына вяла 40:0 у тым гейме. Але затым вярнуліся яе праблемы з уводам мяча ў гульню, чым і скарысталася спаборніца. Рыбакіна (25-я ў рэйтынгу да старту турніру) ж была бездакорная на сваёй падачы - беларуска не магла ўчапіцца за мяч.
Але так было да часу. А менавіта да восьмага гейма, калі Сабаленка зрабіла брэйк у адказ — 4:4. Аднак тут жа аддала сваю падачу - ізноў пайшлі падвойныя памылкі, ды і ў абмене ўдарамі з задняй лініі беларуска часцей памылялася. Рыбакіна давяла першую партыю да перамогі - 6:4.
У другім сэце Сабаленка пераламала ход сустрэчы. Супраць больш разнастайнай гульні беларускі Алена не магла знайсці проціяддзя. Акрамя таго, у спартоўкі з Казахстана перастала гэтак жа эфектыўна працаваць яе наймагутнейшая падача. Сэт застаўся за Сабаленкай — 6:3.
У вызначальнай партыі ў спаборніц не было права на памылку. У пятым гейме Сабаленка ўчапілася на падачы Рыбакінай, але ўсё ж саступіла. Затое беларуска зрабіла брэйк пры ліку 3:3. І ўжо не аддала перавагу - 6:4 на карысць Арыны.
На папярэдніх стадыях турніру Сабаленка была мацнейшая за Тэрэзу Марцінцову (74) з Чэхіі — 6:1, 6:4, амерыканку Шэлбі Роджэрс (51) — 6:3, 6:1, Эліс Мертэнс (32) з Бельгіі — 6:2, 6:3, Белінду Бенчыч (10) са Швайцарыі — 7:5, 6:2, харватку Донну Векіч (64) — 6:3, 6:2 і польку Магду Лінет — 7:6, 6:2.
Нагадаем, што гэта быў першы фінал у кар'еры Сабаленкі на турнірах «Вялікага шлема». Раней Арына двойчы дабіралася да паўфіналу US Open (2021, 2022) і гуляла ў 1/2 фіналу на «Уімблдоне» (2021).
За другое месца ў Мельбурне Рыбакінай пакладзена 1 625 000 аўстралійскіх даляраў у якасці прызавых — гэта прыкладна 1 154 000 амерыканскіх даляраў. Сабаленцы дастанецца 2 975 000 аўстралійскіх даляраў або блізу 2 112 000 амерыканскіх.