Якія дамы ў Беларусі прадаюцца каля рэк і азёр да $10 тысяч
10- 28.01.2023, 19:34
- 9,814
Некалькі цікавых месцаў пад лецішча.
Сёння ў падборку realt.by патрапілі дамы ў ціхіх і маляўнічых вёсках каля азёр і рэк. Яны, магчыма, запатрабуюць рамонту, але і каштуюць не вельмі дорага, да 10 тысяч даляраў.
Наўры, Мядзельскі кірунак, 92 км ад МКАД
Наўры сваёй адзінай вуліцай упіраюцца ў бераг маляўнічага Наўранскага возера. Побач працякае рака Узлянка. Вёска атуленая лясамі багатымі на грыбы і ягады.
Агульная плошча - 50.6 м2. У ім маецца кухня і адзін вялікі пакой на 30/06 м2, які пры жаданні можна падзяліць на некалькі. Ацяпленне пячное, побач з домам студня.
Побач маюцца лазня і гаспадарчыя пабудовы, памер пляцу - 25 сотак. За яго просяць 5 500 даляраў.
Цялякі, Мядзельскі кірунак, 133 км ад МКАД
Вёска размешчаная прыкладна пасярэдзіне паміж гарадамі Мядзел і Нарач, да берага возера і лесу можна дайсці пешшу.
Дом у добрым стане, са свежапафарбаваным фасадам. Ацяпленне пячное.
Памер надзелу - 25 сотак. У двары калодзеж, газнічка, цяпліца, летні душ, нарыхтавана шмат дроў. Кошт - 10 000 даляраў.
Крывое Сяло, Мядзельскі кірунак, 89 км ад МКАД
Вёска даволі вялікая, газіфікаваная, размешчаная за 4 кіламетры ад Вілейскага вадасховішча. Тут прадаецца драўляная хата на 44 м2 з цаглянай прыбудовай. Ацяпленне ў ім пячное, калодзеж у двары. Па вуліцы пракладзены газ.
На пляцы на 14 сотак знаходзіцца яшчэ і вялікі хлеў. За ўсю гэтую гаспадарку просяць 5 000 даляраў.
Калодніца,Маскоўскі кірунак, 140 км
Вёска размешчаная на беразе возера Сялява. Яна жылая, з добрай інфраструктурай: ёсць пошта, бібліятэка, крамы, са славутасцяў - руіны драўлянай царквы 1892 года, Петрапаўлаўская царква.
Дом жылы, у добрым стане. Матэрыял сцен - дрэва, дах з металапрофілю. Агульны пляц - 61 м2. Маецца электразабеспячэнне, пячное ацяпленне, вада - свідравіна і студня, заведзены тэлефонны кабель.
Пляц 25 сотак, размешчаны адасоблена ад суседзяў. На ім ёсць свая сажалка. Дом прадаецца за 10 500 даляраў. Уладальнікі гатовы абмяняць яго на аўтамабіль.
Чарневічы, Маскоўскі кірунак, 92 км да МКАД
У вёсцы нядрэнная інфраструктура: крама, амбулаторыя, ходзіць аўтобус два разы на дзень. Але галоўнае - яна знаходзіцца побач з маляўнічай Бярэзінай.
Дом тут моцны і даволі вялікі - 98 м2. Дах абабіты ў два пласты металам і шыферам. Электрычнасць падключаная, вада падведзеная да пляцу. Ацяпляецца ён дзвюма печкамі.
Пляц роўны і дагледжаны, 18 сотак. Кошт - 6 900 даляраў.