13 студзеня 2026, aўторак, 2:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гамяльчук падаў у СК заяву на прапагандыста Азаронка

12
Гамяльчук падаў у СК заяву на прапагандыста Азаронка

Артыкул прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў накіраваў у Следчы камітэт заяву з просьбай распачаць крымінальную справу ў дачыненні да прапагандыста тэлеканала СТВ Рыгора Азаронка. Пра гэта паведамляе выданне "Штодзень".

У сваім лісце гамяльчук адзначыў, што 18 студзеня 2023 года на сайце тэлеканала СТВ апублікавалі артыкул з відэаролікам «Азаронак: крок насустрач тым, хто хоча вярнуцца - гэта сталінскі крок, гэта наймагутнейшая воля Лукашэнкі».

У гэтым відэасюжэце Азаронак, на думку Іллі Міронава, учыніў дзеянні, "накіраваныя на ўзбуджэнне нянавісці, варожасці, а таксама прынізіў гонар і годнасць групы людзей паводле прыкметы прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы".

Ілля Міронаў запатрабаваў прыцягнуць Рыгора Азаронка да адказнасці паводле ч.1 арт.130 КК. Санкцыя артыкула прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, Ілля Міронаў вядомы сваёй ініцыятывай «Пішыце лісты», накіраванай на падтрымку палітычных вязняў. Сам ён напісаў больш за 2500 лістоў. Ініцыятыва была намінаваная на Нацыянальную прэмію за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў 2021 годзе.

30 верасня 2021 года Міронаў быў затрыманы ў рамках «справы Зельцэра» аб каментарах у інтэрнэце пасля загубы ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка ў Менску. Першапачаткова Іллі было выстаўленае абвінавачанне паводле арт.130 КК аб "распальванні варожасці". Але падчас следства абвінавачанне не пацвердзілася, і артыкул замянілі на 369-1 КК «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

Больш за год Міронаў правёў у следчым ізалятары. 24 кастрычніка 2022-га яго асудзілі на 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але вызвалілі ў зале суда, бо дзень у ізалятары прыраўноўваецца да 1,5 дня ў калоніі, і Ілля сваё пакаранне ўжо адбыў. Таксама яму прызначылі штраф 6400 рублёў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках