Дырэктар Пінскага каледжа «апраўдаўся» за мізэрныя заробкі выпускнікам
11- 31.01.2023, 10:40
- 7,642
Працу за грашы ён назваў "прывілеяй".
Дырэктар Пінскага каледжа тэхнікі і тэхналогій Генадзь Палікоўскі кажа, што прапанаваны выпускнікам заробак 250 рублёў пазначаны нібыта «без набавак і прэмій». А галоўная «прывілея» для маладых спецыялістаў - абарона ад звальнення на працягу двух гадоў, піша «Медыя-Палессе».

Як паведамляў сайт Charter97.org, днямі ў рэдакцыю "Медыя-Палесся" звярнулася пінчанка з просьбай апублікаваць варыянты прапанаваных вакансій выпускнікам каледжа. У двух з іх сума аплаты працы была крыху большая за 250 рублёў.
Дырэктар каледжа Генадзь Палікоўскі пракаментаваў, што такія заробкі арганізацыі, працадаўцы ў пісьмовых запытах паказваюць толькі службовы тарыф - без уліку набавак і прэмій. Калі ідзе налічэнне поўнага заробку, тады выходзяць, нібыта, зусім іншыя сумы.
Аднак, наконт прэмій і набавак да заробку бацькам і выпускнікам нічога не растлумачылі.
Са слоў Генадзя Палікоўскага выпускнікі працуюць не толькі на пінскіх прадпрыемствах, але і ў Менску. Напрыклад, на «Мілавіцы» былыя выпускнікі бяруць заробак блізу 1700 рублёў на месяц, жывуць у інтэрнаце, за які плацяць 48 рублёў штомесяц, і цалкам задаволеныя варункамі працы і сацыяльным пакетам.
Аднак у спісе вакансій "Мілавіцы" сёлета няма.
Як сцвярджае дырэктар каледжа, за два-пяць гадоў можна стаць "канкурэнтаздольным спецыялістам" на рынку працы і атрымаць важныя прафесійныя кампетэнцыі. Але галоўная «прывілея», паводле ягоных слоў, — абарона ад звальнення на працягу двух гадоў і тое, што маладому спецыялісту не могуць устанавіць выпрабавальны тэрмін і яго не могуць звольніць на падставе такой фармулёўкі, як «неадпаведнасць займанай пасадзе або выконванай працы з прычыны недастатковай кваліфікацыі».