Беларусь патрапіла на чацвёртае з канца месца ў Еўропе ў даступнасці бензіну
9- 31.01.2023, 10:48
- 5,614
Сярод 31 дзяржавы наша краіна апынулася на 28-м радку.
Аналітыкі параўналі цану паліва ў Еўропе за 2022 год і склалі рэйтынг краін у даступнасці бензіну. Сярод 31 дзяржавы Беларусь апынулася на 28-м радку, піша Office Life.
У шмат якіх дзяржавах рэгіёну ў 2022 годзе цана бензіну і дызельнага паліва прыкметна вырасла. Адной з асноўных прычын сталі санкцыйныя абмежаванні экспарту расейскіх нафтапрадуктаў. Рэкордныя паказчыкі былі зафіксаваныя ў сярэдзіне года, у другой палове напружанне пачало спадаць.
Пры складанні рэйтынгу аналітыкі ўлічылі не толькі цану бензіну, але і даходы насельніцтва, рангаваўшы краіны паводле аб'ёму паліва, які могуць сабе дазволіць жыхары дзяржавы на сярэднямесячны заробак.
Люксэмбург узначаліў рэйтынг: тутэйшаму жыхару даступна больш за 2,5 тысячы л бензіну. У Ірландыі жыхары могуць набыць на сярэдні заробак амаль 2 тысячы л.
У першай пяцёрцы таксама апынуліся Нарвэгія, Вялікая Брытанія і Нідэрланды - там людзям даступна ў сярэднім больш за 1,8 тысячы л бензіну.
На апошнім месцы ў рэйтынгу - Вугоршчына, дзе даходы грамадзян дазваляюць ім купіць толькі 455 л паліва - у 5 разоў менш, чым у Люксэмбургу.
Беларусь нават сярод найбліжэйшых суседзяў выявілася амаль ніжэйшай за ўсіх у спісе. Сярэдні заробак беларусаў, які бралі з афіцыйных звестак, дазваляе набыць 583 л бензіну. Казахстан, напрыклад, апынуўся на 14-м месцы (1190 л).