Bloomberg: Былыя савецкія краіны ствараюць новыя звязы супраць Расеі
3- 31.01.2023, 12:09
- 11,320
Да гэтага іх падштурхнула агрэсія Крамля ва Украіне.
Пуцінская вайна супраць Украіны падштурхоўвае былыя савецкія краіны ствараць новыя саюзы, каб зменшыць залежнасць ад Расеі.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Афіцыйныя прадстаўнікі былых савецкіх дзяржаў у Цэнтральнай Азіі і на Каўказе сцвярджаюць, што вайна ва Украіне заахвочвае іх улады шукаць спосабы, каб пазбавіцца залежнасці ад Крамля. Часта новымі саюзнікамі становяцца бакі, якія спаборнічаюць, напрыклад Турцыя, Еўрапейскі звяз і краіны Блізкага Усходу.
Палітолагі адзначаюць, што Расея цягам дзесяцігоддзяў была «гульцом з правам вета» і брамнікам у паўночнай Еўразіі, дзе нічога асаблівага не магло б адбыцца, калі б гэта не спадабалася Крамлю. Аднак цяпер сітуацыя мяняецца, і Масква з раздражненнем рэагуе на новыя звязы ў Азіі.
Пакуль Расея занятая вайной ва Украіне, Казахстан і Арменія пачалі наладжваць кантакт з бакамі, уплыў якіх у рэгіёне Масква доўгі час спрабавала абмежаваць. Напрыклад, Турцыя, якой удалося «запоўніць пустэчу».
Казахстан
Выданне зазначае, што адзін з галоўных прадстаўнікоў новых геапалітычных працэсаў з'яўляецца Казахстан. Расея прадэманстравала сваю незадаволенасць Астаной і неаднаразова перакрывала патокі па трубаправодзе Каспійскага кансорцыума, тлумачачы гэта тэхнічнымі праблемамі. Па гэтым трубаправодзе Казахстан пастаўляе 80% сваёй нафты.
Аднак у лістападзе Казахстан заявіў, што павялічыць экспарт нафты праз Каспійскае мора на 1,5 млн тон за кошт падачы нафты ў трубаправод Баку-Джэйхан, які ідзе ад Азербайджана да міжземнаморскага ўзбярэжжа Турцыі. Гэты паток ідзе ў абыход Расеі, і краіна гатова павялічваць аб'ёмы экспарту.
Пры гэтым прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў летась наладзіў дыялог з лідарамі Турцыі, Савудаўскай Арабіі, Катара і ААЭ.
Узбекістан
Суседні Узбекістан, які моцна залежыць ад гандлю з Расеяй, хацеў «адкрыцца» яшчэ да вайны ва Украіне. У ліпені краіна падпісала пагадненне аб партнёрстве з ЕЗ, а ў снежні ўзмацніла кантакты з ЗША.
Арменія і Азербайджан
Канфлікт вакол Нагорнага Карабаха паказаў, што аўтарытэт Расеі ў рэгіёне імкліва падае. Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян незадаволены тым, што РФ не можа забяспечыць калідор да Нагорнага Карабаха. У гэтым месяцы каля расейскай вайсковай базы ў Гюмры (другі памерам горад Арменіі) тройчы ладзілі пратэсты, высоўваючы лозунгі «Расейскія акупацыйныя сілы прэч з Арменіі».
У той жа час Азербайджан скарыстаўся расейскім уварваннем і фактычна заблакаваў галоўную трасу, якая злучае Нагорны Карабах і Арменію. На фоне гэтага Баку ўзмацніў супрацу з Турцыяй.
Арменія ў сваю чаргу абвясціла, што не будзе прымаць у сябе вучэнні АДКБ, а таксама дамовілася з ЕЗ аб грамадзянскай місіі ў назіранні за мяжой. Азербайджан таксама збліжаецца з Еўразвязам, падпісаўшы ў ліпені дамову аб павелічэнні паставак газу.