Экс-спічрайтэр Пуціна назваў дату вайсковага перавароту ў Расеі
4- 31.01.2023, 14:04
- 16,724
Праз паразу ва Украіне кіраўніку Крамля будзе цяжка з расейцамі.
Былы спічрайтэр Уладзіміра Пуціна, расейскі палітолаг Абас Галямаў выказаў меркаванне, што ў РФ у найбліжэйшым часам можа адбыцца вайсковы пераварот.
У гутарцы з CNN Галямаў сказаў, што па меры таго, як расейскія страты ва Украіне растуць, а краіна адчувае цяжкасці, выкліканыя заходнімі санкцыямі, расейцы будуць шукаць вінаватых.
«Расейская эканоміка дэградуе. У вайне саступаюць. У Расею вяртаецца ўсё больш трупаў, таму расейцы будуць сутыкацца з вялікімі цяжкасцямі і будуць спрабаваць знайсці тлумачэнне, чаму гэта адбываецца, аглядаючыся на палітычны працэс. І яны самі сабе адкажуць: «Ну, гэта таму, што нашай краінай кіруе [Пуцін]», - сказаў Галямаў.
«У гэты момант, я думаю, стане магчымым вайсковы пераварот», — заявіў ён.
Са слоў палітолага, гэты момант можа наступіць у найбліжэйшыя 12 месяцаў.
«Такім чынам, у адзін год, калі палітычная сітуацыя мяняецца і на чале краіны стаіць сапраўды ненавісны непапулярны прэзідэнт, і вайна сапраўды непапулярная, і за гэта трэба праліваць кроў, у гэты момант становіцца рэальнай магчымасць перавароту», — дадаў Галямаў.
Акрамя таго, на яго меркаванне, Пуцін можа скасаваць прэзідэнцкія выбары, запланаваныя на сакавік 2024 года.
«Мяркуючы з ягоных дзеянняў, калі ён без неабходнасці нагнятае нешта, ён сапраўды можа скасаваць выбары. Без перамогі над Украінай яму будзе цяжка з расейцамі. Ён не патрэбен расейцам, калі ён не моцны. Ён сапраўды можа абвясціць ваеннае становішча і скасаваць выбары», - сказаў Галямаў.