Вядомую гомельскую даносчыцу прызначылі кіраваць мясцовым радыё
18- 31.01.2023, 15:08
- 13,686
Па яе даносах людзей судзілі, саджалі ў калоніі і дэпартавалі з Беларусі.
Гомельскае выданне «Флагшток» паведамляе, што галоўная рэдактарка Гомельскай раёнкі «Маяк» Ірына Канавалава сёння была прызначаная на пасаду кіраўніка Гомельскага гарадскога радыё 107.4 FM.
Гэтая жанчына - былая ідэалагічная работніца, жонка міліцыянта. У апошнія гады яна адчула сябе здольнай вяршыць людскія лёсы, і ёй гэта спадабалася: паводле яе даносаў людзей судзілі, саджалі ў калоніі і дэпартавалі з Беларусі.
«Флагшток», пералічваючы гэтыя і іншыя подлыя ўчынкі прапагандысткі, адзначае:
«Канавалава за чатыры гады працы так і не змагла знайсці чытачоў для сваіх публікацый. Палітычную прапаганду (таксама як і раённыя навіны) на старонках «Маяка» і ягоных сацыяльных сетак звычайна праглядае ад 50 да 300 чытачоў».
Канавалаву прызначылі кіраваць радыё, на якім перад гэтым правялі кадравыя чысткі па палітычных матывах. Звальненні на КУП «Гомельскае гарадское радыё» пачаліся ў кастрычніку 2022 года. Радыёвядоўцаў абвінавацілі ў падтрымцы пратэстоўцаў у 2020 годзе, а таксама ў тым, што ў пазітыўным ключы згадалі расейскага апазіцыйнага журналіста Юрыя Дудзя.