Лётчык Расгвардыі «Гаўр» здаўся амбасадзе ЗША
8- 1.10.2023, 14:18
- 23,750
Вайсковец пад маркай «адпачынку ў Дубаі» ўцёк з Расеі.
З Расеі прадаўжаюць уцякаць вайскоўцы войска РФ, сярод іншых ваенныя лётчыкі. Пад маркай адпачынку лётчык авіяцыйнай эскадрыллі ў Расгварыі з прозвішчам Гаўрычэнка з сям'ёй выправіўся на адпачынак у Дубай.
У ААЭ ён скіраваўся наўпрост у амерыканскую амбасаду, дзе заявіў пра нежаданне ваяваць супраць Украіны і гатоўнасць супрацоўнічаць з амерыканскімі спецслужбамі, у ФСБ зладзілі актыўныя разбіральніцтвы датычна падрабязнасцяў уцёкаў Гаўрычэнкі.
Падрабязнасці паведамляе Telegram-канал «Дасье Шпіёна».
Паводле звестак канала, пра новы выпадак уцёкаў расейскага лётчыка, старэйшага лейтэнанта авіяцыйнай эскадрыллі Расгвардыі Гаўрычэнкі (пазыўны «Гаўр») стала вядома 1 кастрычніка. Для ўцёкаў ён скарыстаўся адпачынкам, для правядзення якога з сям'ёй вылецеў у ААЭ.
«У канцы верасня ў “Гаўра” надарыўся адпачынак, які ён разам са сваёй сям'ёй надумаў правесці ў Дубай, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Удосталь нацешыўшыся пустыннай прыродай, Гаўрычэнка надумаў кардынальна змяніць сваё жыццё. І замест аэрапорта канчатковым пунктам свайго падарожжа абраў амерыканскую амбасаду ў ААЭ. Заявіўшыся туды, “Гаўр” заявіў, што ён адмаўляецца ваяваць і выказаў гатоўнасць да супрацоўніцтва», – піша паблік.
На гэты момант у авіяцыйнай эскадрыллі Расгвардыі, дзе служыў Гаўрычэнка, актыўна працуе ФСБ. «Фэдэралы» спрабуюць вызначыць усе абставіны ўцёкаў лётчыка: дапытваюць ягоных таварышаў на службе, абшукваюць асабістыя рэчы, аглядаюць тэлефоны.
У ФСБ мяркуюць, што да думкі пра неабходнасць уцёкаў Гаўрычэнку схіліў ягоны сябар і былы аднакурснік Антон Васільеў (раней насіў прозвішча Лях). Ён, з'яўляючыся лётчыкам 610-га цэнтра баявога ўжывання і перавучвання лётнага складу (в/ч 41520, Іванава), выехаў з Расеі ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.
Цяпер, піша «Дасье Шпіёна», Васільеў жыве ў Лос-Анжэлесе (штат Каліфорнія, ЗША).
«Вольны час бавіць ля басейна, займаецца арганізацыяй збораў для ўкраінскага войска і, верагодна, дзеліцца службовай інфармацыяй з прадстаўнікамі Пентагона», – мяркуе паблік.
Цяпер жа, піша канал, «Гаўр», разам з усёй службовай інфармацыяй у ягонай галаве – у распараджэнні ЗША. А там і басейн у прыгарадзе Лос-Анджэлеса недалёка».
Васільеў і Гаўрычэнка – далёка не адзіныя расейскія лётчыкі, якія прынялі слушную пастанову і адмовіліся гінуць у бессэнсоўнай вайне.
У выніку аперацыі Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны пад кодавай назвай «Сініца» лётчык 319-га асобнага гелікаптэрнага палка (в/ч 13984) УС РФ капітан Максім Кузьмінаў скраў гелікаптэр Мі-8АМТШ.
Падобную пастанову – пакінуць РФ, каб не станавіцца акупантам і забойцам, – прыняў таксама лётчык 15-й брыгады вайсковай авіяцыі (в/ч 44440) лейтэнант Дзмітрый Мішоў: ён уцёк у Літву.
Нагадаем, 23 жніўня стала вядома, што ГУР здолела прывабіць ва Украіну расейскі гелікаптэр Мі-8. Падчас спецаперацыі пад кодавай назвай «Сініца» адзін пілот здаўся, два іншыя чальцы экіпажу загінулі
Як расказалі ў выведцы, спецаперацыя доўжылася больш за паўгода, выведнікі здолелі пераканаць пілота Мі-8 перайсці на бок Украіны. Кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў назваў гэтую аперацыю «адной з найлепшых аперацый ГУР».
Пасля Максім Кузьмінаў, пілот, які перагнаў Мі-8 ва Украіну, звярнуўся да былых таварышаў на службе і заклікаў іншых акупантаў паступіць гэтак жа. За свой учынак ён атрымаў узнагароду памерам 500 000 даляраў ЗША, прытулак і новыя дакументы для сябе і сям'і, а таксама, што важна, захаваў сваё жыццё.