Беларускі экспарт у Афрыку абваліўся
2- 1.10.2023, 14:25
- 7,606

У тым ліку і з калійнымі ўгнаеннямі.
Беларускія ўлады часта гавораць пра «неэфектыўнасць заходніх санкцый». Маўляў, заходнія рынкі, вядома, зачыняюцца, затое «ўвесь астатні свет адкрыты для беларускага гандлю». Аднак усё не так радасна, піша выданне «Беларусы і рынак».
У пятніцу прэм'ер Раман Галоўчанка паскардзіўся, што палітычныя кантакты з афрыканскімі краінамі не прыносяць карысці беларускай эканоміцы. Падобна, заходнія санкцыі дагналі Беларусь і на Афрыканскім кантыненце.
«Прамыя кантакты на вышэйшым узроўні з лідарамі шэрагу афрыканскіх краінаў ствараюць спрыяльныя ўмовы для развіцця нашых сувязяў і паглыблення партнёрства. Разам з тым, ацэньваючы аб'ектыўную знешнегандлёвую сітуацыю, трэба шчыра прызнаць, што назапашаны палітычны капітал пакуль не канвертаваны ў належнай ступені ў паспяховыя гандлёва-эканамічныя праекты», – сказаў Галоўчанка.
Паводле ягоных словаў, беларускі экспарт у Афрыку за мінулы год склаў усяго 200 млн даляраў. У два разы менш, чым у 2019 годзе. І хоць прэм'ер у пятніцу сказаў, што заходнія санкцыі не могуць служыць апраўданнем для падзення экспарту, справа менавіта ў іх.
«Усе размовы пра санкцыі, складанасці разлікаў пакіньце пры сабе – і можаце іх нават не агучваць», – сказаў Галоўчанка.
Аднак справа ўсё ж у санкцыях. У 2020 годзе беларускі экспарт у краіны Афрыкі склаў 388 млн даляраў. З іх 123 млн забяспечыў экспарт калійных угнаенняў. Менавіта калійныя ўгнаенні былі галоўным экспартным прадуктам Беларусі на афрыканскім рынку.
І менавіта калійны экспарт больш за ўсё пацярпеў ад заходніх санкцый. Паводле ацэнкі беларускага МЗС, дзель Беларусі на рынку калію ў Афрыцы пасля ўвядзення санкцый упала з 42 адсоткаў да 3.
У 2020 годзе толькі ў Марока і толькі калійных угнаенняў Беларусь прадала на 57 млн даляраў. За першае паўгоддзе 2022 года ўвесь беларускі экспарт у Марока склаў усяго толькі 400 тыс. даляраў. У Кот-д’Івуар у 2020 годзе Беларусь прадала калійных угнаенняў на 21 млн даляраў, за шэсць месяцаў 2022 года беларускі экспарт у гэтую краіну ўпаў да 900 тыс. даляраў.
Зрэшты, не каліем адзіным.
Напрыклад, беларускі экспарт у Кенію за першае паўгоддзе 2022 года склаў усяго 300 тыс. даляраў, хоць у дасанкцыйныя часы ён дасягаў 14 млн. З вясны гэтага года Беларусь абмяркоўвае з кенійскімі ўладамі грандыёзны праект пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі. Сума паставак можа скласці блізу 440 млн даляраў. Аднак у гэтай афрыканскай краіне ёсць некаторыя асцярогі наконт супрацоўніцтва з дзяржавай, якая стала аб'ектам заходніх санкцый.
«Адміністрацыя прэзідэнта гуляе ў рызыкоўную дыпламатычную гульню, спрабуючы здзейсніць угоду з Беларуссю, краінай, якая знаходзіцца пад санкцыямі самых магутных заходніх дзяржаваў», – напісаў аглядальнік Daily Nation, найбуйнейшага медыя ў Кеніі, Угандзе, Руандзе і Танзаніі.
Так што падзенне беларускага экспарту ў Афрыцы – цалкам заканамерны вынік заходніх санкцый. Свет, вядома, не абмежаваны заходнімі краінамі, але і ў афрыканскіх дзяржавах аглядаюцца на іх меркаванне. Як у выпадку з пастаўкамі калію, можна, вядома, пашукаць абыходныя шляхі, патрапіць на афрыканскі рынак праз трэція краіны. Аднак гэта патрабуе дадатковых выдаткаў і стварае нікому не патрэбныя рызыкі.