У Нарвегіі растлумачылі, як будуць развязваць пытанне з беларусамі, у якіх пратэрмінаваныя пашпарты
1- 1.10.2023, 14:59
- 6,012
Кожная заява будзе разглядацца індывідуальна.
Нарвежскі Хельсінкскі камітэт пацікавіўся ва ўладаў Нарвегіі, як яны будуць развязваць пытанне з беларусамі, у якіх заканчваецца дзеянне пашпартоў, а атрымаць новыя дакументы не могуць праз указ Аляксандра Лукашэнкі. У Мінюсце гэтай краіны адказалі, што беларусы змогуць атрымліваць пашпарты замежнікаў, але кожная такая заява будзе разглядацца індывідуальна.
У Мінюсце Нарвегіі растлумачылі, што іншаземцам, якія не здолеюць атрымаць пашпарты сваёй краіны, можна падаць заяву на пашпарт іншаземца. Нарвежскія ўлады будуць разглядаць такі зварот у індывідуальным парадку і вызначаць, ці можа замежнік атрымаць такі пашпарт на радзіме, ці не.
Пры гэтым ва ўстанове ўдакладнілі, што ў Нарвегіі валодаюць інфармацыяй пра сітуацыю ў Беларусі.
«Нарвегіі цяжка адаптавацца да таго, як іншыя краіны аддаюць абіраюць рэгуляваць выдачу нацыянальных пашпартоў ці іншых дакументаў, якія сведчаць асобу, уласным грамадзянам», – удакладнілі ў Мінюсце гэтай краіны.
Раней стала вядома, што іміграцыйныя службы Нямеччыны будуць разглядаць заявы грамадзянаў з пратэрмінаванымі беларускімі пашпартамі пра атрыманне нямецкіх дакументаў у індывідуальным парадку.