Страты Расеі ва Украіне: УСУ ўстанавілі два новыя рэкорды
1- 1.10.2023, 16:06
- 11,628

У верасні ўкраінскія байцы знішчылі рэкордную колькасць расейскай артылерыі і аўтатранспарту.
У верасні 2023-га года два з трох чаканых рэкордаў Узброеных сіл Украіны ў знішчэнні расейскай тэхнікі рэалізаваліся, пры гэтым адзін з іх вельмі перасягнуў чаканні, паведамляе ўкраінскі вайсква-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка.
З ягоных слоў, УСУ ў верасні знішчылі рэкордную колькасць расейскай артылерыі і аўтатранспарту.
«За верасень была знішчана рэкордная колькасць расейскай артылерыі, а менавіта – 947 адзінак. Гэта абумоўлена тым, што ў расейцаў паскараецца дэградацыя контрбатарэйнай барацьбы, у следстве выкарыстання ўсё больш прымітыўных і адсталых артылерыйскіх сродкаў. Акрамя таго, рост колькасці буксіраванай ствольнай артылерыі, з нізкай мабільнасцю, зніжэнне далёкасці і дакладнасці стральбы, а таксама зруйнаванне гармат – усё гэта прыводзіць да такіх высокіх паказчыкаў страт», – адзначыў Каваленка.
Што тычыцца колькасці знішчанага аўтатранспарту расейскіх войскаў, экспэрт паведаміў, што УСУ ўдалося «адмінусаваць» усяго 874 адзінкі:
«Больш чым у рэкордным сакавіку 2022 года, калі расейскія лагістычныя калоны паліліся ў рэжыме нон-стоп. І, як не дзіўна, рэкардсменам сярод плацдармаў, на якіх былі спалены расейскія аўтатранспартныя сродкі, стала Запарожская вобласць».
Таксама Каваленка дадаў, што не ўдалося ўстанавіць рэкорд у знішчэнні РСЗА расейцаў.
«Іх было знішчана за верасень – 63, што з'яўляецца другім вынікам за ўвесь перыяд поўнамаштабнай вайны. І гэты высокі паказчык зʼяўляецца следствам недахопу дальнабойнай ствольнай артылерыі ў расейскіх войскаў і неабходнасцю падцягвання рэактыўных сістэм бліжэй да лініі баявога сутыкнення», – зрабіў выснову аглядальнік.
Верасень «закрываецца» з вельмі абнадзейлівымі паказчыкамі, уважае Каваленка:
«Тыя тэмпы і абʼёмы, з якімі знішчаецца расейская артылерыя, не даюць магчымасці расейскаму ВПК не тое, каб паўнавартасна кампенсаваць страты, а нават заводзяць іх у глыбокі мінус, з якога можна будзе выбрацца толькі праз пастаўкі з трэцяй краіны. І актуальным для камандавання расейскіх войскаў становіцца не толькі пытанне – дзе ўзяць набоі, але і дзе браць прылады, з якіх імі трэба страляць».