«Спецаперацыі любяць цішыню»: расейскія афіцэры сталі здавацца ўкраінцам і ўцякаць на Захад
2- 2.10.2023, 12:36
- 7,804
Украінскія выведчыкі абяцаюць новыя «прыемныя сюрпрызы».
За апошні час стала вядома аб некалькіх новых выпадках, калі расейскія вайскоўцы добраахвотна пайшлі на супрацоўніцтва з украінскай выведкай, а затым перайшлі на наш бок. Ёсць і факты, калі афіцэры войска РФ змаглі выехаць са сваёй краіны, а затым здаліся заходнім спецслужбам. З кожным днём становіцца ўсё больш тых, хто ўсвядоміў злачынную сутнасць развязанай Пуціным вайны супраць Украіны.
Перабежчыкаў усё больш
Поўным шокам для расейскіх акупантаў сталі ўцёкі з РФ лётчыка Мі-8 Максіма Кузьмінава. Ён пайшоў на супрацоўніцтва з Галоўнай управай выведкі МАУ і перагнаў ва Украіну варожы гелікаптэр.
Шлях з курскага аэрадрома ў Харкаўскую вобласць склаў блізу 20 км. У прымежжы борт ляцеў на малой вышыні - усяго на 5-10 метраў, і ў рэжыме радыёмаўчання.
Як высветлілася, расейскі вайсковец сам звязаўся з прадстаўнікамі ГУВ, бо не хацеў удзельнічаць у вайсковых злачынствах РФ. У выніку ўкраінскія абаронцы атрымалі не толькі новы гелікаптэр, але і каштоўныя звесткі аб авіяцыі ворага.
У выведцы расказалі, што паводле закону Украіна выплаціць пілоту грашовую кампенсацыю, гарантуе бяспеку яму і ягонай сям'і, а таксама дасць права выбару што да далейшага месца жыхарства і працы.
«Цяпер Максім свабодны чалавек у свабоднай краіне. Ён разважае аб намеры далучыцца да Сілаў абароны Украіны і далей процідзейнічаць расейскай агрэсіі. Але гэта будзе ягоная пастанова - чалавека, які зрабіў свядомы выбар», - паведаміў прадстаўнік ГУВ МАУ Андрэй Юсаў.
Яшчэ адна спецаперацыя вайсковых выведчыкаў, аб якой стала вядома днямі, таксама выклікае вялікі рэзананс у РФ. ГУВ завербавала кадравага расейскага вайскоўца Данііла Алфёрава. Больш за тое, ён пераканаў здацца ў палон 11 вайскоўцаў з Расеі, якія ў гэты момант знаходзіліся на акупаванай частцы Херсонскай вобласці.
Алфёраў сцвярджае, што быў катэгарычна супраць вайны з Украінай. «Я не разумеў, чаму яна пачалася... Для мяне гэта быў поўны шок. Я ведаў, што Украіна ніколі не была ворагам. А прапаганду пасля звальнення не глядзеў і не слухаў», - заявіў расеец.
Досвед службы ў войску ў Дагестане, дзе «праводзілася контртэрарыстычная аперацыя», закрылі для Алфёрава шляхі для выезду за межы Расеі: пасля звальнення з войска для яго на два гады быў забаронены выезд з краіны.
У 2022 годзе расейцу ўдалося пазбегнуць мабілізацыі, а зімой 2023-га яго выклікалі ў вайсковы камісарыят. Там Алфёрава сустрэлі вайсковы камісар горада Шчалкава і «асабіст» з ФСБ. У выніку - адправілі ваяваць ва Украіну.
Адчуванне несправядлівасці падштурхнула расейскага лейтэнанта пагадзіцца на прапанову аб супрацоўніцтве, якая паступіла з украінскага боку, а з чэрвеня ён ужо поўным ходам перадаваў ГУВ выведвальныя звесткі.
Колькасць перабежчыкаў павялічваецца з кожным днём. Пад маркай адпачынку лётчык авіяцыйнай эскадрыллі Расгвардыі на прозвішча Гаўрычэнка з сям'ёй адправіўся на адпачынак у Дубай, а далей - наўпрост у амерыканскае пасольства. Там ён заявіў аб нежаданні ваяваць супраць Украіны і гатоўнасці супрацоўнічаць з амерыканскімі спецслужбамі.
Раней у Літву ўцёк яшчэ адзін расейскі афіцэр – штурман-аператар баявога гелікаптэра ў в/ч № 44440 (Востраў Пскоўскай вобласці). Гэта 15-я брыгада вайсковай авіяцыі, якая з першага дня ўдзельнічае ў поўнамаштабным уварванні Расеі ва Украіну.
Расейскае МУС ужо абвясціла ў вышук лейтэнанта паветрана-касмічных сіл УС РФ Дзмітрыя Мішова.
Верхавіна айсберга
Суразмоўца OBOZREVATEL ва ўкраінскай выведцы кажа, што вышэйпералічаныя выпадкі - гэта верхавіна айсберга.
«Вы ж разумееце, што спецаперацыі любяць цішыню, а ў публічнае поле трапляе мінімум інфармацыі нават пра найбольш паспяховыя. Важна разумець, што з кожным днём у расейскім войску і іншых структурах дзяржавы-агрэсара ўсё больш з'яўляецца тых, хто не хоча забіваць украінцаў, хто ўсвядоміў страшную сутнасць развязанай Пуціным вайны. Гэта факт», - кажа афіцэр.
Тым часам у Расеі вельмі балюча ўспрынялі пачашчэнне выпадкаў «здрады».
«ГУВ праводзіць паказальныя акцыі, а нам застаецца глядзець на ўсё гэта, у бяссільнай злосці сціскаючы кулакі», – напісаў адзін акупацыйны Telegram-канал.
Украінскія выведчыкі з усмешкай чытаюць такія «опусы» і абяцаюць новыя «прыемныя сюрпрызы».