У калоніі ў гомельскага барда Аляксея Ільінчыка адмовіла правая рука
4- 2.10.2023, 14:28
- 5,658
У палітвязня парушанае маўленне.
Палітвязня Аляксея Ільінчыка змясцілі ў неўралагічнае аддзяленне рэспубліканскай лякарні, якое знаходзіцца на тэрыторыі СІЗА № 1 г. Менска, піша «Вясна».
Аляксей - вядомы гомельскі бард і арганізатар канцэртаў бардаўскай песні. Увесну 2022 гады ён паехаў з гастролямі ў Расею. Там у яго нечакана здарыўся інсульт. Некалькі месяцаў мужчына лячыўся ў лякарні, а потым вярнуўся дадому. Аднак стан яго заставалася дрэнным і правая частка цела была паралізаваная.
У чэрвені 2022-га Аляксей Іллінчык вярнуўся ў Гомель, а 18 жніўня яго затрымалі.
Адзін з праўладных ТГ-каналаў распавёў, што бард затрыманы за каментары ў сацыяльных сетках. Нягледзячы на дрэнны стан здароўя, яго змясцілі ў СІЗА-3 Гомеля, абвінаваціўшы паводле 3-х артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
ч. 1 артыкула 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці»,
ч. 2 арт. 367 «Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі»,
ч. 1 арт. 368 «Абраза Лукашэнкі».
28 сакавіка 2023 года «суддзя» Гомельскага абласнога суда Аляксей Хлышчанкоў прысудзіў Ільінчыка да 2,5 гадоў калоніі. Палітвязень быў этапаваны ў ПК №14, што ў вёсцы Навасады Барысаўскага раёна.
За час знаходжання ў СІЗА-3 і ў папраўчай калоніі здароўе Аляксея пагоршылася.
Правая рука ў яго амаль не дзейнічае, парушанае маўленне, таму гаворыць ён з цяжкасцю. Пісаць самастойна лісты ён таксама не можа. Да таго ж, лісты яму перадаюць не рэгулярна, нават ад сваякоў.