Ці адмовіцца Славаччына дапамагаць Украіне пасля перамогі прарасейскай партыі?
34- 2.10.2023, 20:28
- 23,952
Тлумачыць славацкі палітолаг.
Прэм'ер-міністрам Славаччыны можа стаць Робэрт Фіцо — вядомы прарасейскімі поглядамі. Ягоная партыя "СМЕР" заняла першае месца ў выніках галасавання, набраўшы 22,9%.
Як можа змяніцца курс Славаччыны? Пра гэта сайт Charter97.org спытаў славацкага палітолага і прэзідэнта Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Братыслава) Грыгорыя Мясежнікава:
- Гэта выбары, якія, як вядома, скончыліся поспехам партыі «СМЕР» Робэрта Фіцо. Фактычна, гэта палітычны рэванш чалавека, які завёў Славаччыну за час свайго праўлення ў балота карупцыі, кліентэлізму і аўтарытарнай палітыкі. Гэта чалавек, які прапануе, каб Славаччына адышла ад празаходняга курса ў сваёй замежнай палітыцы.
Ясна, што ніякіх сіл ён не мае для таго, каб вывесці Славаччыну з Еўразвязу і NATO. Ён гэтага і не прапануе, але частку сваёй выбарчай кампаніі ён пабудаваў на адмове дапамагаць Украіне вайсковым шляхам (гэта значыць пастаўкамі ўзбраення), блакаваннем шляху Украіны ў Еўразвяз і NATO. Ён таксама абяцаў палітычны рэванш апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, сродкам масавай інфармацыі.
Пасля таго, як Фіцо створыць урад (я думаю, гэта зойме не так шмат часу, ён мае дастаткова партнёраў для стварэння кааліцыі), ён пачне ажыццяўляць сваю праграму. Пытанне, вядома, адкрытае, ці выпадзе яму гэта зрабіць. У Славаччыне вельмі моцная апазіцыя, грамадзянская супольнасць, большая частка насельніцтва ўсё ж такі падтрымлівае нашу заходнюю замежную палітыку.
Таму не так проста ўсё будзе, як гэта здаецца яму цяпер. Але тое, што Фіцо будзе спрабаваць гэта зрабіць, спрэс відавочна.
На жаль, выявілася, што ёсць частка насельніцтва, асабліва людзі старэйшага веку, людзі, якія жывуць у сельскай мясцовасці, тыя, якія не адчуваюць сябе дастаткова абароненымі ад сацыяльных наступстваў пандэміі, гэтыя людзі здалелі правесці Фіцо ў якасці пераможцы ў парламент.
Ён набраў 23% галасоў, ясна, што гэта не большасць. Але так склалася сітуацыя, што Фіцо можа аб'яднацца ў кааліцыі з людзьмі, якія пайшлі ў свой час са «СМЕР». Гэта другая сацыял-дэмакратычная партыя «ГЛАС» (хоць ніводная з партый не з’яўляецца напраўду такой, якой яна сябе дэкларуе). Ён, напэўна, таксама аб'яднаецца і са славацкімі нацыяналістамі.
Гэтага аб'яднання будзе дастаткова, каб узнікла ў парламенце большасць. Паглядзім, у што гэта выльецца.
- Ці ёсць небяспека таго, што Славаччына спыніць пастаўкі зброі ва Украіну?
- Фіцо будзе спрабаваць гэта зрабіць, ён пра гэта гаварыў на ўсіх сваіх перадвыбарных акцыях. Але Славаччына да цяперашняга часу большую частку свайго стратэгічнага зброевага патэнцыялу ўжо перадала Украіне — гэта комплексы С-300, МІГі, гаўбіцы, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, панцырная тэхніка. Гэта значыць, мы ўжо шмат чаго далі, але праекты вырабу ўзбраення для Украіны працягваюцца, у гэтым нам дапамагаюць заходнія хаўруснікі.
Славацкія абаронныя прадпрыемствы цяпер вырабляюць артылерыйскія ўстаноўкі, закупленыя на заходнія грошы. Я думаю, Фіцо наўрад здалее нейкім чынам скасаваць гэтыя пастаўкі, бо гэта камерцыйныя закупы. Але ён будзе імкнуцца абмежаваць і пры магчымасці спыніць выраб узбраенняў для Украіны.
Дадам, што гэты ўрад таксама не вечны, пытанне ў тым, наколькі ён будзе стабільны, ці ўтрымаецца ён ва ўладзе. Усё ж такі Славаччына — дэмакратычная краіна, Фіцо ўжо тры разы быў прэм'ер-міністрам і, вядома, пагаршаў якасць нашага дэмакратычнага ладу. Ён спрабаваў скарыстаць уладу для ўзмацнення свайго ўплыву, эканамічнай падтрымкі сваіх лаялістаў. Гэта ўсё было, але зліквідаваць дэмакратыю ён не здалеў. Не выйдзе і цяпер, хоць ён і рэваншысцкі, помслівы палітык. Нічога добрага ад Фіцо чакаць нельга, але славацкае грамадства ўсё ж дастаткова спрактыкаванае, каб супрацьстаяць такім тэндэнцыям.