«Гэта Украіна ці Грузія?!»: расейская турыстка зладзіла гістэрыку пасля выправы ў Тбілісі
21- 2.10.2023, 16:18
- 20,806
Грамадзянка РФ пакрыўдзілася на «расеефобію».
Турыстка з Масквы Елізавета месяц адпачывала ў Грузіі ды засталася незадаволеная выправай. Грамадзянку дзяржавы-тэрарысткі, маўляў, раздражняў «нацыяналізм» грузінаў ды іхнія праўкраінскія настроі, піша obozrevatel.com.
Адпачывала расейка ў Тбілісі. Прапагандысцкім рэсурсам яна паскардзілася, што ў месце ўсюды віселі сіне-жоўтыя сцягі, і гэта яе моцна злавала.
Відавочна, маскоўка не разумее, чаму насельніцтва Грузіі, 30% тэрыторый якой акупаваныя Расеяй, падтрымлівае ўкраінскі народ ды асуджае расейскую агрэсію і тэрор.
«Больш за ўсё раздражняе, што паўсюль вісяць украінскія сцягі, усюды нацыяналістычныя лозунгі. Праязджаеш па цэнтры і не адразу разумееш, дзе ты апынуўся — у Грузіі ці ва Украіне», —- выдала абураная турыстка.
Маскоўка паскардзілася на "расеефобію" ў сталіцы Грузіі, але пры гэтым заявіла, што ў іншых рэгіёнах краіны да яе і ейнага грамадзянства ставіліся спакойна.
«Варта выехаць кудысьці накшталт Кахеціі або Сванэціі, і там ужо такога няма. Людзі ўсе спакойныя, зычлівыя, ніякіх украінскіх сцягоў і агрэсіі ў дачыненні да расейцаў», — заявіла абураная турыстка.
А вось украінскія сцягі ў Тбілісі грамадзянцы дзяржавы-агрэсара не падабаліся, бо нібыта «псавалі антураж места». Паводле ейных слоў, "напружанне" ў Грузіі адчувала не толькі яна, але і ейныя сябры.
Нагадаем, раней у сушы-бары Oishi Sushi у Тбілісі з наведніцай з РФ адмовіліся размаўляць на расейскай мове. А незадаволенай турыстцы параілі вяртацца ў сваю "клааку, якую расейцы называюць краінай".