21 студзеня 2025, aўторак, 8:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Падыходзім да лініі 2014 года, дзе былі нашы акопы»

1
«Падыходзім да лініі 2014 года, дзе былі нашы акопы»

Як УСУ адваёўваюць страчаныя пазіцыі.

З пачатку 2023 года расейскія вайскоўцы захапілі ва Украіне тэрыторыю памерам меншым, чым плошча Кіева. Да такой высновы прыходзяць журналісты The New York Times, прааналізаваўшы звесткі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.

Агулам расейскае войска акупавала 857 кв. кіламетраў з пачатку года, але Узброеныя сілы Украіны адбілі 370 з іх. Пры гэтым, як пішуць у New York Times, сёлета Расея планавала захапіць увесь Данбас, што з'яўляецца адной з афіцыйных мэт вайны для Масквы. У той жа час амерыканскія журналісты адзначаюць, што і ўкраінскае контрнаступленне, якое пачалося летам, пакуль паказала невялікія вынікі. Але ў справаздачах украінскага Генштаба з'яўляюцца паведамленні аб новых занятых пазіцыях і рубяжах.

Максім - з генерацыі ўкраінскіх маладых паспяховых камандзіраў. Ён не кадравы вайсковец, а гісторык. Але як толькі скончыў ВНУ, уступіў ва УСУ.

- З часоў, калі існуе Расея ў розных фармацыях: Масковія, Расейская імперыя, Савецкі Саюз, цяпер Расейская Федэрацыя - мы заўсёды ваявалі з гэтай дзяржавай, - распавядае ён «Настоящему времени». - Калісьці Бісмарк сказаў, што Расея без Украіны не вартая нічога. Яна не зможа існаваць.

Два гады салдатам, потым курсы лідарства - і Максім стаў афіцэрам 59-й брыгады. Цяпер камандуе падраздзяленнем на данецкім кірунку. Яно рэдка згадваецца ў вайсковых справаздачах, але вайна, гаворыць Максім, не вядзецца толькі ў некалькіх населеных пунктах.

- Задачы праводзіць контрнаступленне ў нас цяпер няма, - кажа ён. - Але ёсць свая задача - мы павінны дапамагаць тым сілам, якія праводзяць контрнаступленне, каб адцягваць нейкія рэзервы на сябе. Адпаведна, каб ствараць нейкі ціск на тыя сілы, якія знаходзяцца на гэтым кірунку. За апошнія некалькі месяцаў у нас вызвалена маім батальёнам блізу кіламетра. Мы рушылі наперад. Увогуле блізу пяці-сямі пазіцый супраціўніка было ўзята.

Абвастрэнне сітуацыі на данецкім кірунку адчуваюць жыхары прыфрантавых гарадкоў і вёсак. Жыхары Краснагораўкі расказваюць, што такога, як у апошнія некалькі дзён, яны ўжо даўно не памятаюць.

Дом Галіны даўно знішчаны. Гаворыць, што так і ходзіць ад кватэры да кватэры, ад прылёту да прылёту.

- Я ўжо пятую хату мяняю. Вось у чалавека пасялілася. Тут усе мае: мама пахаваная, паспела яшчэ ў «маленькую вайну» памерці, пахавалі па-чалавечы, - распавядае жанчына. І тлумачыць: «Была маленькая вайна. Вось гэта вялікая пачалася, а то па месяцы хоць замірэнне было».

У пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейскае войска крыху адсунула УСУ ад занятых пазіцый. І мясцовыя разумеюць: цяпер украінскае войска спрабуе адваяваць страчанае.

«Вось акурат цяпер на гэтым кірунку мы падыходзім да лініі 2014 года, дзе нашы акопы былі. Тыя, якія ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання мы страцілі, цяпер мы падыходзім да гэтых ліній. І мы ведаем, наколькі там якасна зроблена, добраўпарадкавана», – тлумачыць вайсковец УСУ Максім.

«Даўно ўжо такога не было. Цяпер увогуле невыносна. Што рабілася, туды як стукнула. Як цэгла паляцела! - Жыхарка Краснагораўкі Валянціна распавядае аб кватэры на другім паверсе, куды на днях уляцеў набой.

«Мы там не былі, мы ўвесь час жывем у падвале», – кажа гаспадыня разбамбаванай кватэры шэптам і тлумачыць – страшна.

Гісторык, а цяпер камандзір Максім упэўнены: каб перамовы вяліся на ўкраінскіх умовах, трэба не страціць ініцыятыву. Верыць: гарады адбудуюць, людзі вернуцца. Цяпер жа галоўнае - не спыняцца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках