На беларускім рынку нерухомасці ўстанавілі чарговы рэкорд
5- 21.10.2023, 21:54
- 10,168
Кошты жылля растуць.
Попыт на жыллё ў Беларусі працягвае расці. Улетку быў пабіты дзесяцігадовы рэкорд у колькасці ўгод куплі-продажу жылля. Разам з высокім попытам працягваюць павялічвацца і кошты. Пра гэта паведамляецца «Зеркало» са спасылкай на Нацыянальнае кадастравае агенцтва.
У Менску летам было зарэгістравана ў сярэднім 1 530 угод продажу жылой нерухомасці за месяц, тады як у іншыя месяцы бягучага года - не больш за 1 385 угод. У абласных цэнтрах пік актыўнасці таксама прыпаў на лета: сярэдняе значэнне рэгістраваных угод з чэрвеня да жніўня у Берасці на 26% большы, чым за перыяд са студзеня да траўня, у Віцебску — на 15%, у Гомелі — на 13%, у Магілёве — на 10%, а ў Гародні - на 87% адпаведна.
Між тым кошты жылля таксама працягваюць расці. Сярэдні кошт квадратнага метра ў новабудоўлі ў даляравым вылічэнні на аднапакаёвыя і трохпакаёвыя кватэры павялічылася на 4% і 12% адпаведна, а на двухпакаёвыя кватэры яна амаль не змянілася. На другасным рынку квадратны метр у аднапакаёвых і трохпакаёвых кватэрах дадаў у сярэднім 1%, у двухпакаёвых - 3%.
У абласных гарадах сярэдняя цана квадратнага метра ў даляравым вылічэнні па выніках трэцяга квартала 2023 года у дачыненні да другога квартала павялічылася ў Берасці, Гомелі і Магілёве на 2%, у Віцебску — на 3%, у Гародні — не змянілася.