Пад Рэчыцай мясцовым жыхарам складана пераехаць праз Днепр
7- 3.10.2023, 16:02
- 5,404
Яшчэ адзін мост «захварэў».
Замест патэнцыйных чатырох палосаў на двух мастах праз раку Днепр па трасе М-10 у найбліжэйшыя гады плануюць выкарыстоўваць толькі адну, адзначае «Флагшток».
РУП «Гомельаўтадар» праводзіць выбар праектнай арганізацыі для рамонту моста праз раку Днепр на 97 км трасы М-10 «мяжа Расейскай Федэрацыі – Гомель – Кобрын» (левы бок). У гэтым месцы на трасе М-10 у раёне Рэчыцы для пераезду праз раку Днепр пабудаваныя два масты. Правы мост быў пабудаваны яшчэ ў 1958 годзе і даўно знаходзіцца ў непрыдатным стане. Рух перанесены на паралельны (левы) мост, які таксама мае патрэбу ў рамонце.
Цяпер па мосце арганізаваны аднапалосны рух у кожным кірунку. У сувязі з наяўнасцю шматлікіх дэфектаў мяркуецца правесці рамонт моста, па чарзе абмежаваўшы рух на адной палове праезнай часткі. Такім чынам, з чатырох палосаў на двух мастах для аўтамабілістаў будзе даступная толькі адна.
Складанасць праекту ў тым, што інтэнсіўнасць руху аўтатранспарту па мосце сёння дасягае 10000 транспартных сродкаў за дзень, што адпавядае ў сярэднім 7 аўтамабілям за хвіліну. Відавочна, што пры такой інтэнсіўнасці руху ў светлы час сутак на мосце будуць утварацца заторы. Рамонт плануецца праводзіць з 2024 да 2026 года, таму заторы на трасе М-10 у раёне Рэчыцы будуць звычайнай з'явай доўгі час.
У 2021 годзе РУП «Гомельаўтадар» праводзіў тэндар на распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі правага моста. Кошт рэканструкцыі ацэньваўся на 31,1 млн USD. Пачатак будаўніцтва быў запланаваны на 2026 год. Супастаўляючы тэрміны заканчэння рамонту левага моста і меркаваны пачатак рамонту правага, можна меркаваць, што ў 2026 годзе чыноўнікі ўжо не будуць бачыць вострай неабходнасці пачынаць новы дарагі рамонт.