Казахстан перакрыў транзіт расейскіх нафтапрадуктаў у Кыргызстан
11- 3.10.2023, 19:45
- 23,982
На рынку краіны можа пачацца дэфіцыт паліва.
Казахстан перастаў прапускаць у Кыргызстан расейскія паліва-змазачныя матэрыялы (ПЗМ). Гэта можа прывесці да дэфіцыту на паліўным рынку Кыргызстана ўжо праз 20 дзён, паведамляе «Радыё Азаттык» са спасылкай на звесткі Асацыяцыі нафтатрэйдараў Кыргызстана (АНК).
Паводле інфармацыі АНК, з 1 верасня кампанія «Казахстан Тэмір Жолы» (Казахстанскія чыгункі) з невядомых прычынаў і без афіцыйнага апавяшчэння перастала ўзгадняць месячныя і дадатковыя планы перавозак нафтапрадуктаў. Перавознік скасаваў амаль усе заяўленыя на кастрычнік планы.
У асацыяцыі мяркуюць, што гэтае пытанне трэба ўрэгуляваць на міжурадавым узроўні дзвюх рэспублік. Цяпер нафтатрэйдары Кыргызстана супольна з «Кыргыз тэмір жолу» (Кыргыстанскімі чыгункамі) спрабуюць самастойна развязаць праблему.
У канцы верасня Кыргызстан і Казахстан дамовіліся забяспечыць бесперабойную пастаўку грузаў сацыяльна-значнага характару, у тым ліку ПЗМ, збожжа, масла і цукру. Адпаведны пратакол быў падпісаны на міжурадавай радзе рэспублік, якая адбылася 23 верасня ў горадзе Тараз (Казахстан).
28 верасня прэзідэнт Казахстана Касым Жамарт Такаеў заявіў, што краіна будзе выконваць санкцыі супраць Расеі. Пры гэтым Казахстан плануе падтрымліваць «рэгулярныя сяброўскія кантакты» з паўночнай суседкай.
Улады Кыргызстана ў ліпені таксама паабяцалі выконваць санкцыі супраць Расеі. Гэта адбылося пасля паведамленняў пра магчымыя абмежаванні з боку ЗША праз парушэнні санкцыйнага рэжыму з боку Кыргызстана. У Дзяржкамітэце нацыянальнай бяспекі рэспублікі дапусцілі, што санкцыі супраць РФ маглі парушыць прыватныя кампаніі, і паабяцалі правесці расследаванне.