СМІ: Дыпламаты ЕЗ адмовіліся ад прапагандысцкай паездкі да выкрадзеных Лукашэнкам украінскіх дзяцей
12- 4.10.2023, 9:24
- 10,218
Мерапрыемства беларускіх уладаў пастанавілі праігнараваць.
Паводле інфармацыі «Белсата», дыпламаты Еўразвязу і Вялікабрытаніі не прымуць удзел у наведванні незаконна вывезеных у Беларусь украінскіх дзяцей.
На мінулым тыдні ў МЗС Украіны заявілі, што 4 кастрычніка ў Беларусі збіраюцца арганізаваць наведванне замежнымі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Менску, месцаў «пражывання, навучання і аздараўлення» ўкраінскіх дзяцей, вывезеных з акупаваных гарадоў Лісічанск і Севераданецк Луганскай вобласці.
У заяве МЗС Украіны адзначалася, што гэтае мерапрыемства мае на мэце «легалізацыю незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый». Афіцыйны Кіеў заклікаў дыпламатычныя прадстаўніцтвы, якія атрымалі адпаведныя запрашэнні ў Менску, устрымацца ад удзелу ў «прапагандысцкай паездцы беларускага рэжыму».
Паводле інфармацыі «Белсата», дыпламаты ЕЗ і Вялікабрытаніі ў паездцы 4 кастрычніка прымаць удзел не будуць.
Нагадаем, 22 верасня ў МЗС Беларусі прайшоў брыфінг для замежных дыпламатаў, на якім прадстаўнік міністэрства спрабаваў апраўдацца за незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый у Беларусь. Сустрэча адбылася на фоне заклікаў выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі за ўчыненне гэтага злачынства. Тады замежным дыпламатам расказалі, што нібыта беларускі бок дзейнічае поўнасцю празрыста і ў адпаведнасці з усімі юрыдычнымі патрабаваннямі пры вывазе і знаходжанні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыі Беларусі.