У Менску з аўкцыёну прадалі кватэру дачкі гнанага бізнэсоўца, які з'ехаў з краіны
4- 4.10.2023, 10:28
- 9,162
У ёй зарэгістраванае непаўналетняе дзіця.
На аўкцыёне «Белюрзабеспячэнне» прадало арыштаваную кватэру прадпрымальніцы Вікторыі Авяр'янавай.
Прадалі кватэру з другой спробы — падчас першага аўкцыёну ахвочых яе купіць не знайшлося. Пачыналіся таргі з пачатковай цаны 396 тысяч рублёў. Прадалі яе за 437,58 тысячы рублёў, піша zerkalo.io.
Належыць кватэра Вікторыі Авяр'янавай — прадпрымальніцы і дачцэ вядомага бізнэсоўца Юрыя Авяр'янава. У ёй зарэгістраванае непаўналетняе дзіця.
Нагадаем, у 2020 годзе Вікторыю Авяр'янаву асудзілі паводле артыкулу аб ухіленні ад выплаты падаткаў на вельмі вялікую суму. У чэрвені 2020 года суд прысудзіў прадпрымальніцу да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Ёй адразу ж скарацілі тэрмін на 1 год паводле амністыі з нагоды 75-годдзя перамогі ў так званай вялікай айчыннай вайне. З улікам часу, праведзенага ў ізалятары, пасля суда ёй заставалася адбыць у калоніі блізу год. З яе таксама пастанавілі спагнаць у даход бюджэту шкоду на суму 711,7 тысячы рублёў.
Вікторыя Авяр'янава ўзначальвала кампанію "Інтэкс", якая кіравала шэрагам забаўляльных клубаў у Менску. Паводле звестак суда, кампанія ў 2009-2016 гадах не заплаціла ў бюджэт Беларусі падаткі на суму звыш 892 тысяч рублёў. Заяўлялася, што кіраўніца «Інтэкса» пры дапамозе падначаленых унесла ў падатковыя дэкларацыі (разлікі) свядома фальшывыя звесткі.
У 2017 годзе Следчы камітэт Беларусі паведаміў аб затрыманні шасці чалавек, у тым ліку дырэктара ЗАТ «Гандлёвы свет-«Кола» і ТАА «Парк забаў Дрымлэнд». Іх падазравалі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Усе гэтыя бізнэсы кантраляваў Юры Авяр'янаў.
Пасля прэтэнзій з боку карнікаў ён пакінуў Беларусь і пераехаў у Нямеччыну. Яго старэйшая дачка Вікторыя — у Расею, дзе выхоўвала дваіх дзяцей. У канцы 2019 года Вікторыю Авяр'янаву экстрадавалі ў Беларусь.