Былую рэдактарку Першага канала Марыну Аўсяннікаву прысудзілі да 8,5 гадоў калоніі
40- 4.10.2023, 11:41
- 16,826
Пастанову вынес Басманны суд Масквы.
Басманны суд Масквы завочна прысудзіў былую рэдактарку праграмы «Время» на Першым канале Марыну Аўсяннікаву да васьмі з паловай гадоў калоніі, прызнаўшы яе вінаватай у «распаўсюдзе фэйкаў» аб Узброеных сілах РФ («д» ч. 2 арт. 207.3 КК РФ). The Moscow Times.
«Суд прысудзіў Аўсяннікаву да васьмі гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму», - паведамілі ў пракуратуры Масквы.
Таксама суд пазбавіў яе права цягам чатырох гадоў адміністраваць сайты і старонкі ў сацыяльных сетках. Дзяржабвінавачанне прасіла прызначыць Аўсяннікавай дзевяць з паловай гадоў калоніі.
Справу супраць журналісткі распачалі пасля яе пікету на Сафійскай набярэжнай 15 ліпеня 2022 года. На яго яна выйшла з плакатам, на якім было напісана: «Пуцін - забойца, яго салдаты - фашысты. 352 дзіцяці загінулі. Колькі яшчэ павінна загінуць дзяцей, каб вы спыніліся?».
У жніўні таго ж года Аўсяннікаву адправілі пад хатні арышт, але журналістка адмовілася выконваць меру стрымання, назваўшы сябе невінаватай. У кастрычніку яна ўцякла з-пад хатняга арышту ў Францыю.
Марына Аўсяннікава стала вядомая пасля таго, як у сакавіку 2022 года выйшла з антываенным плакатам у жывым эфіры «Першага канала». Тады на яе склалі пратакол за «дыскрэдытацыю» расейскага войска і затрымалі.
Перад выхадам у жывы эфір з антываенным плакатам Аўсяннікава запісала відэазварот, у якім яна асудзіла вайну Расеі супраць Украіны.