Дождж пашкодзіў гістарычны мурал у Гародні, урачыста адкрыты месяц таму
1- 4.10.2023, 11:56
- 8,138
Частка фасаду «спаўзла» на зямлю.
Мурал, прысвечаны гісторыі Гародні, не змог перажыць моцную залеву, якая ўначы абрынулася на горад. На фота, якія публікуе партал Newgrodno.by, бачна, што частка фасада папросту «спаўзла» на зямлю.
Нагадаем, гэтую славутасць урачыста адкрылі блізу месяца таму. Тады гаварылася, што вялізнае графіці з'яўляецца адным з самых вялікіх у краіне. Яго памер - больш за 400 квадратных метраў. На мурале былі сабраныя сцэны палявання, факты з гісторыі горада і галоўныя гарадзенскія славутасці. Ініцыятарам стварэння гэтага мастацкага аб'екта быў Анатоль Грышук, гаспадар галерэі халоднай зброі. На сцяне галерэі і размешчаны мурал.
Нагадаем, напярэдадні вечарам сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі праз моцны вецер. Сёння ўдзень таксама на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца ўзмацненне паўднёва-заходняга і заходняга ветру парывамі да 15-20 м/с. Магчымы пашкоджанні (абрывы) ліній сувязі і электраперадач, абвальванне слаба ўмацаваных канструкцый, падзенне дрэў.