Мэдыі: У Такмаку пачалася вызначальная бітва рэзэрваў
3- 4.10.2023, 12:36
- 25,852
УСУ ўбіваюць клін паміж расейскімі гарнізонамі ў Новапакроўцы і Вярбовым.
У Бахмуце і на Паўднёвым фронце адбываюцца надзвычай крывавыя баі, вынікі якіх могуць паўплываць на ўвесь контрнаступ Украіны, паведамляе espreso.tv.
Баі ў Луганскай вобласці і наступ на Купянск
Нягледзячы на параўнальнае зацішша на Луганшчыне і памяншэнне наступальнага ціску з боку расейцаў, акупанты пачалі біць КАБамі па мастах на рацэ Асколе. Іх мэтай з'яўляецца ўскладненне лагістыкі сіл УСУ, якія вядуць абарону на мяжы Луганскай і Харкаўскай абласцей. За апошні час яны знішчылі 4 масты, у тым ліку два ў самім Купянску і яшчэ два на поўдзень, каля Купянска-Вузлавога і Сяньковага. Раней былі разбітыя масты, якія вядуць на Баравую і Двурэчную.
УСУ давялося ўсталёўваць пантонныя пераправы, якія таксама знаходзяцца пад агнём ворага. Лагічна было б меркаваць, што захопнікі плануюць новую наступальную аперацыю, аднак цяпер у расейцаў скончыліся рэсурсы, каб аднавіць наступ на шмат якіх дзялянках фронту з мэтай прарыву іх і выхаду да ракі Аскола.
Пагатоў рэзэрвы ў выглядзе 25-й арміі, якую надоечы ўвялі на фронт, давялося рассеяць паміж Луганшчынай і поўднем Украіны. Да таго ж УС РФ так спяшаліся, што не здолелі мабілізаваць неабходныя 45-50 тысяч жаўнераў і адправілі ва Украіну замест «арміі» мізэрную дывізію ў складзе 15-17 тысяч расейцаў.
Паўднёвы фронт
Аб сур'ёзным настроі УСУ на прарыў фронту ля Новапракопаўкі сведчыць тое, што тут цяпер дзейнічаюць 9 брыгад, сярод іх 3 артылерыйскія, 2 дэсантныя, а таксама механізаваныя і пяхотныя. Сітуацыя на ўсіх трох кірунках ад Рабоціна дастаткова дынамічная, бо акупанты разумеюць цану паразы ў гэтай бітве і таксама кінулі сюды ўсе рэзэрвы. Раз страты расейцаў дастаткова вялікія, то яны ўвесь час шукаюць новыя рэсурсы на іншых дзялянках фронту.
На поўдзень ад Рабоціна «Сілы абароны» вядуць бой ужо за цэнтральную частку «Новапракопаўкі», аднак няма звестак пра тое, што яны здолелі там замацавацца. Таксама працягваецца бітва за галоўную вяршыню 166 м у гэтым абшары — УСУ засталося пераадолець менш за 100 мэтраў, каб скінуць ворага з панавальнай вышыні.
З правага фланга, ля вёскі Капанёў, расейскія дэсантнікі аднавілі контратакі і прымусілі ўкраінскія войскі адступіць. Аднак з левага флангу УСУ прасунуліся па дарозе Н-08 у кірунку на Новафёдараўку, што на поўнач ад Вярбовога, такім чынам спрабуючы ўбіць клін паміж гарнізонамі ў Новапакроўцы і Вярбовым.
Іншая частка ўкраінскіх вайскоўцаў далей прабівае сабе шлях у заходніх наваколлях Вярбовага, а яшчэ адна змагаецца за тое, каб абысці сяло з поўдня.
Між тым, расейцы робяць захады, каб у выпадку абразання паставак праз Крымскі мост мець магчымасць забяспечваць гарнізоны ў Марыюпалі, Бярдзянску і Мелітопалі. Сярод іншага, яны пачалі будаўніцтва дарогі і чыгункі з Данецка ў Марыюпаль з абыходам Валнавахі, што прастрэльваецца УСУ. Акрамя таго, аналагічныя лагістычныя артэрыі яны вядуць з Таганрога праз Марыюпаль і Бярдзянск, аж да Мелітопаля.
Контрнаступ пад Бахмутам
УСУ на гэтым тыдні прадоўжылі наступ на поўдні ад Бахмута. Найбольш крывавыя баі адбываюцца ля Андрэеўкі, дзе УСУ спрабуюць утрымаць адбітыя дзялянкі фронту з усходняга боку чыгуначнага насыпу, а таксама ў пэўных месцах спрабуюць развіць поспех у кірунку Адрадаўкі.
Адначасова з гэтым Сілы абароны Украіны працягваюць знішчэнне акупантаў у Курдзюмаўцы. Мясцовы гарнізон ужо моцна абяскроўлены, так што калі найбліжэйшымі днямі сюды не прыбудзе падмацаванне, то УСУ змогуць нарэшце дэакупаваць гэтае стратэгічна важнае для Украіны сяло.
Расейцы вярнулі пад Бахмут вагнераўцаў і аднавілі контрнаступ на Кляшчыеўку. Пакуль марна. У выніку кіраўніцтва змяніла генерал-лейтэнанта Сычова, які кіраваў гэтым сэктарам фронту. Па яго прыехалі хлопцы ў чорнай форме і вывезлі ў невядомым кірунку.
Ударныя беспілотнікі УСУ 1 кастрычніка атакавалі Смаленскі авіязавод, які вырабляў ракеты Х-59. Дакладна вядома, што пацэлілі тры з чатырох дронаў, а вытворчы працэс парушаны.
У гэты ж дзень іншыя ўкраінскія дроны ўдарылі па аэрадроме каля Сочы, дзе была стаянка гелікаптэраў. Яшчэ адзін удар УСУ нанеслі паблізу Джанкоя і ў Севастопалі. У Маскве, Белгарадзе і Бранску гучала трывога, а СПА збівалі беспілотнікі.
Удары ўкраінскіх дронаў паказваюць хаўруснікам, што УСУ і без заходніх ракет могуць знішчаць цэлі далёка ў расейскім тыле. Імаверна, гэта можа паскорыць перадачу Украіне ракет ATACMS і Taurus.