27 лiпеня 2024, Субота, 14:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільні на гарышчы дома, дзе жыў Браніслаў Тарашкевіч, знайшлі цікавыя архіўныя паперы

1
У Вільні на гарышчы дома, дзе жыў Браніслаў Тарашкевіч, знайшлі цікавыя архіўныя паперы

У 1920-я там былі сядзібы беларускіх арганізацый.

Пры разборы знойдзеных дакументаў у архіве часам бываюць незвычайныя знаходкі. Гэтым разам у скрынках з-пад газ-масак былі знойдзеныя дакументы. Гэтыя скрынкі з дакументамі некалькі дзесяцігоддзяў праляжалі на гарышчы дома на вуліцы Віленскай, 37 у Старым месце Вільні. Магчыма, яны ляжалі б там і даўжэй, калі б не рэканструкцыя дома. Дзякуючы шчаслівай выпадковасці скрынкі не трапілі на сметнік, а патрапілі ў рукі архівістаў, піша Delfi са спасылкай на madeinvilnius.lt.

У гэтым доме за савецкім часам знаходзіўся пашпартны стол МУС Кастрычніцкага раёна Вільні. Магчыма, што работнікі гэтай установы ў 1972 годзе склалі непатрэбныя дакументы ў скрыні з-пад газ-масак і перанеслі іх на гарышча. Такая здагадка звязаная з тым, што ў адной са скрынак знойдзеная, мабыць, выпадковая фатаграфія ВАЗ-2013, які пачалі вырабляць у 1972 годзе.

У скрынках знаходзяцца розныя дакументы НКВД ЛССР 1940-1941 гадоў, дакументы міжваеннага часу літоўскай паліцыі, сведчанні ваенных уцекачоў, якія прыехалі на тэрыторыю Літвы з Польшчы ў 1939-1940 гады, карткі людзей, якія знаходзіліся ў вышуку. Акрамя таго, знойдзена шмат скамечаных і нявыкарыстаных бланкаў МУС Літвы міжваеннага перыяду, перыядычных выданняў і г.д.

Пры разборы скрынак былі зробленыя цікавыя знаходкі.

Міжваенныя аб'явы аб вышуку злачынцаў і ўзнагароджанні за іх злоў, у якіх захавалася ўнікальная лексіка. Ёсць і рэкамендацыі для кіроўцаў аўтамабіляў 1940-1941 гадоў паказваць паварот рукой або адчыняючы дзверцы кабіны, а пры абгоне сігналіць ды іншае.

Тут ёсць і пусты пачак ад цыгарэт Vesta таго ж перыяду: для адных гэта непатрэбнае смецце, а для іншых рэдкі артэфакт з мінуўшчыны.

Менавіта ў гэтым доме ў 1923-1926 гадах жыў адзін з лідэраў нацыянальнага руху Заходняй Беларусі, аўтар "Беларускай граматыкі" Браніслаў Тарашкевіч. Пра гэта можна даведацца, зірнуўшы на мемарыяльную дошку на фасадзе.

Таксама ў левым крыле дома ў розны час размяшчаліся рэдакцыі радыкальных часопісаў, сядзіба Таварыства беларускай школы, Школьнай рады, Беларускі студэнцкі саюз. У некалькіх пакоях тут жылі кампазітар Антон Грыневіч і мастак Язэп Драздовіч.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках