«Аляксеіч, я бягу!»
- 4.10.2023, 15:04
- 8,320
Былы палітвязень расказаў, як адбываў «хімію» ў Асіповічах.
Віталь Брух - фігурант «карагоднай справы», распачатай пасля пратэстаў 13 верасня 2020 года ў Берасці. Мужчына быў асуджаны на два гады «хіміі». За час зняволення Віталь некалькі разоў хацеў уцячы з папраўчай установы, але яго адгаварылі супрацоўнікі.
У выніку беларус поўнасцю адбыў свой тэрмін і выехаў у Польшчу. Сваю гісторыю Віталь расказаў журналістам MOST.
Судзілі Віталя за выхад на праезную частку. Мужчыну было выстаўленае абвінавачанне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 15 сакавіка 2021 г. суд Ленінскага раёна Берасця вынес прысуд Віталю. Ён атрымаў два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
Даставілі ў Асіповічы
Адбываць пакаранне берасцейца адправілі ў горад Асіповічы Магілёўскай вобласці.
- Ніколі не чуў пра гэты горад і нават не ведаў, у якой вобласці ён знаходзіцца. А тут мне трэба адбываць пакаранне там цэлыя два гады. Я не сам паехаў на «хімію». Перад адпраўкай мне трэба было прыходзіць і адзначацца. На трэці раз я не прыйшоў. Мяне знайшлі супрацоўнікі міліцыі, завезлі ва ўчастак. Прабыў там некалькі гадзін, і потым супрацоўнікі міліцыі мяне на цягніку даставілі ў Асіповічы.
Першыя два тыдні Віталь правёў у ізалятары ПУАТ №48, на так званым каранціне. Толькі потым яго накіравалі працаваць на завод.
- Спачатку спыталі, кім я працаваў у Берасці. Сказаў, што працаваў слесарам-рамонтнікам на заводзе Gefest. Потым мяне звазілі на адзін мясцовы завод, там я патрапіў на размову. І ўзялі мяне туды па маёй жа прафесіі. Можна сказаць пашанцавала, бо некаторых у калгасы адпраўлялі.
На «хіміі» можна зарабіць
У Асіповічах Віталь рамантаваў станкі і атрымліваў у месяц блізу 200-300 рублёў. Да «хіміі» на аналагічнай пасадзе ў Берасці ў мужчыны быў заробак блізу 700-800 рублёў.
- На гэтым жа заводзе ў Асіповічах былі і іншыя «хімікі», якія атрымлівалі 1000-1200 рублёў. Можна было атрымліваць добрыя грошы, але тады былі шкодныя ўмовы і трэба было стала працаваць. Я працаваў з 07:30 да 16:00. Выходзіш з інтэрната - і адразу на месца працы. І потым назад, бо ўсіх адзначаюць. Пакуль ідзеш дадому, трэба паспець забегчы ў краму, каб купіць сабе ежу. Канешне, калі ёсць грошы. Інтэрнат закрыты, і потым нікога не выпускаюць. Насамрэч на «хіміі» не ўсё так сумна, і там лепш, чым у турме. Перасоўваешся свабодна па тэрыторыі, ёсць курылка і спартзала. У вольны час чым хочаш, тым і займайся. Супрацоўнікі нармальныя, але бываюць часам «шмоны» з прыезджымі ў балаклавах. Тады можна атрымаць і патрапіць на арышт.
Начальнік атрада адгаварыў ад уцёкаў
Праз некалькі месяцаў пасля прыезду ў Асіповічы Віталь хацеў уцячы з «хіміі». Мужчыну адгаварылі.
- У мяне былі планы ўцячы з «хіміі». Ужо гатовы быў гэта зрабіць. Мне былая жонка даслала пасылку, і разам з начальнікам атрада мы пайшлі на пошту забіраць яе. Разгаварыліся з ім. Кажу яму: «Аляксеіч, я ўцяку!» Ён адгаварыў мяне. Сказаў: «Навошта табе трэба гэта?» Турма - гэта турма, а «хімія» - гэта «хімія», дзе можна карыстацца тэлефонам, інтэрнэтам і заўсёды можна стэлефанавацца з дачкой. Добры мужык. Як ты да яго, так і ён да цябе. Ён лаяльна ставіўся, і не было розніцы, ты палітычны ці не.
Пасля вызвалення Віталю прапанавалі застацца на заводзе, абяцалі нават павысіць заробак. Мужчына не пагадзіўся і з'ехаў у Берасце. Праз месяц ён пераехаў у Менск, каб знайсці працу. Нічога не знайшоў і прыняў пастанову з'язджаць з Беларусі.