Чарнаморскі флот РФ уцякае з Севастопаля: спадарожнікі зафіксавалі маштабнае перамяшчэнне караблёў
6- 4.10.2023, 22:25
- 12,754
Акупанты баяцца ўдараў украінскіх ракет і БПЛА.
Расея ў выніку вайны губляе кантроль над часткай акваторыі Чорнага мора. Спадарожнікі зафіксавалі маштабнае перамяшчэнне караблёў Чарнаморскага флоту з базы ў Севастопалі, піша dialog.ua.
З Севастопаля РФ перакідвае вайсковыя караблі на дзве базы: у акупаваную Феадосію, якая знаходзіцца бліжэй да расейскай тэрыторыі, а таксама ў порт Новарасійска (РФ).
Так, у порце Феадосіі цяпер знаходзяцца два тральшчыкі праекта «Александрыт», малы ракетны карабель тыпу «Буян-М», вялікі дэсантны карабель праекта «775», пагранічны вартавы карабель, а таксама патрульны карабель «Васіль Быкаў».
Феадосія ўлетку цяперашняга 2023 года ў сутнасці стала новай флоцкай базай акупанта ў Крыме. Гэта стратэгічная гавань для расейцаў праз сваю блізкасць да Керчанскага моста – ключавой лагістычнай артэрыі РФ на паўвостраве. Расейцы ў апошнія месяцы актыўна будуюць там збудаванні для абароны караблёў ад удараў ракет і БПЛА.
Большая частка караблёў была перакінутая на тэрыторыю РФ - у порт Новарасійска. Там цяпер знаходзяцца 2 фрэгаты тыпу «Адмірал Грыгаровіч», малы ракетны карабель тыпу «Буян-М», тры падлодкі, вартаўнічы і патрульны караблі, вялікія дэсантныя караблі ў колькасці 5 адзінак.
Адзначым, што ў жніўні расейскія караблі ў акваторыі Новарасійска зазналі ўдары марскіх беспілотнікаў. У выніку найсур'ёзнейшае пашкоджанне атрымаў вялікі дэсантны карабель «Аленегорскі гарняк».
Больш за палову вайсковых караблёў расейцы вывелі з севастопальскай базы. Бухты пакінулі найболей баяздольныя і выкарыстоўваныя ў вайне супраць Украіны караблі. І, мяркуючы з усяго, гэта толькі пачатак.
Адзначым, што захаванне Севастопаля як вайскова-марской базы было адной з галоўных прычын захопу Крыма Расеяй у 2014 годзе. Аднак, пачаўшы поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны, Крэмль пазбаўляецца гэтага важнага вайсковага аб'екта. Украіна, амаль не маючы ўласнага флоту, выкарыстоўваючы толькі ракеты і беспілотнікі, здолела адабраць у РФ панаванне ў чарнаморскай акваторыі.
Спікерка ўкраінскага Аператыўнага камандавання «Поўдзень» Наталля Гумянюк у эфіры ўкраінскага тэлеканала заявіла, што на сёння катэры і караблі Чарнаморскага флоту РФ вельмі асцярожныя ў тэрытарыяльных водах Украіны.
«Часам з'яўляюцца ля ўзбярэжжа Крыма, але бліжэй чым за мыс Тарханкут яны не наважваюцца выходзіць… Пасля паразы «Масквы» яны былі адкінутыя на 100 марскіх міль (гэта 180-200 кіламетраў) і з тых часоў ужо не набліжаліся да адлегласці артылерыйскага абстрэлу», - распавяла яна.