Украінскія вайскоўцы прасунуліся каля Рабоціна
- 4.10.2023, 17:36
- 4,446
Ва Узброеных сілах Украіны раскрылі дэталі.
Украінскія абаронцы працягваюць свой наступ каля вёскі Рабоціна Запарожскай вобласці. Там яны рушылі на адлегласць да 600 метраў.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву спікера аб'яднанага прэс-цэнтра Сіл абароны Таўрыйскага кірунку Аляксандра Штупуна.
- Мы мелі частковы поспех на захад ад Рабоціна. Там нашы воіны наносяць акупантам страты ў жывой сіле і тэхніцы. Працягваюць замацоўвацца на займаных рубяжах. На пэўных адрэзках мы рушылі наперад ад 100 да 600 метраў, - заявіў Штупун.
Ён таксама распавёў, што байцы УСУ працягваюць ціск і на Мелітопальскім кірунку. За апошнія тры дні нашым абаронцам удалося ўзяць у палон 25 акупантаў.
- Але вораг не здаецца і спрабуе аднавіць страчанае становішча. Дарэчы, на захад ад Вярбовага і на паўднёвы ўсход ад Малой Такмачкі. На штурм вораг кідае ўжо і эліту - дэсантныя войскі. Але нясе страты, - дадаў спікер.
Нагадаем, 28 жніўня ўкраінскім вайскоўцам удалося вызваліць Рабоціна ад расейскіх акупантаў. Гэта быў адзін з ключавых умацаваных раёнаў ворага ў Запарожскай вобласці.
Далейшай мэтай украінскіх вайскоўцаў можа стаць Такмак, які знаходзіцца ў 30 кіламетрах ад Рабоціна.