Мянчанка з сынам за месяц аддалі махлярам 260 тысячаў рублёў
15- 4.10.2023, 20:04
- 8,980
Жанчыне прапанавалі «інвеставаць у крыптавалюту».
Жыхарка Менска, спрабуючы зарабіць на біржы разам з сынам страціла 260 тысячаў беларускіх рублёў. Падрабязнасці паведамілі ў Следчым камітэце.
Вызначана, што спачатку 56-гадовая мянчанка была ў тэлеграм-канале прадпрымальнікаў, якія дапамагалі адно аднаму ў прасоўванні бізнэсу. А ў траўні 2023-га ў супольнасць патрапіў яшчэ адзін карыстальнік. Фігурант стаў пісаць мянчанцы асабістыя паведамленні на розныя тэмы, а потым, пахваліўшыся, што шмат зарабляе, прапанаваў інвеставаць у крыптавалюту. Жанчына, доўга не думаючы, зарэгістравалася на біржы, якую ёй параіў крыптавалютчык.
Пасля рэгістрацыі беларуска павінна была набываць электронную валюту на афіцыйнай платформе і пераводзіць на свой віртуальны рахунак. Баланс рос на пэўны адсотак у залежнасці ад унесенай сумы-інвестыцыі. Росту лічбаў жанчына давярала і папаўняла рахунак на ўсё большыя сумы.
Але ашуканец не спыніўся і дадаў фігурантку яшчэ ў «таемны чат» усяго з 16 карыстальнікамі. Адна з падпісчыцаў расхвальвала нібыта сайт крыптабіржы, дзе ўжо «зарабляла» мянчанка, але прапанавала яшчэ больш узбагаціцца – выводзіць грошы праз спецыяльны абменнік, абыходзячы афіцыйны гандаль. Пропуск у спецабменнік можна было атрымаць праз заяўку ў банк са старонкі ў мэсэнджары, і мянчанка трапілася і на гэты кручок.
– Пацярпелая выканала ўсе ўмовы і нават з'ездзіла ў Маскву, каб папоўніць свой рахунак на буйную суму, – расказалі ў СК.
Акрамя таго, пакуль віртуальны прыбытак увесь час рос, яна прапанавала і свайму сыну такі заробак. Малады чалавек таксама папоўніў віртуальныя рахункі.
Але калі ашуканцы заўважылі, што беларуска больш не папаўняе баланс, яны патэлефанавалі і ўдакладнілі, ці не засталося ў яе яшчэ грошай ці каштоўнасцяў. І калі яна сказала, што нічога больш няма, ёй у адказ засмяяліся і кінулі слухаўку. Тут жа ўсе яе старонкі заблакавалі і з суполкі выдалілі.
Пацярпелая з сынам усяго за месяц пералічылі махлярам больш за 260 тысячаў беларускіх рублёў.
Расследуецца крымінальная справа аб махлярстве, учыненым у асабліва буйным памеры (ч.4 арт.209 Крымінальнага кодэкса Беларусі).