23 лiпеня 2024, aўторак, 12:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раман Світан: Апынуўся б побач з Лукашэнкам — рука б не здрыганулася

47
Раман Світан: Апынуўся б побач з Лукашэнкам — рука б не здрыганулася
РАМАН СВІТАН
ФОТА: OSTRO.ORG

Палкоўнік УСУ распавёў пра беларускія карані, палон у «ДНР» і будучыню беларусаў і ўкраінцаў.

Палкоўнік УСУ, лётчык-інструктар Раман Світана - адзін з самых вядомых ваенных экспэртаў ва Украіне. Сайт Charter97.org даведаўся, што ў Рамана Рыгоравіча ёсць беларускія карані. Ёсць у яго біяграфіі і палон у самай страшнай турме "ДНР" - "Ізаляцыі".

У інтэрв'ю сайту Charter97.org Раман Світан расказаў пра сваё беларускае паходжанне, катаванні ў расейскім палоне, поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны і будучыню беларускага і ўкраінскага народаў:

- Мне - 60 гадоў, і з усімі сваякамі, пакуль тыя былі жывыя, паспеў вывучыць свае карані. Я дайшоў практычна да пятага калена. Дык вось, адна з галінак па кудзелі - з Беларусі. Мая бабуля Марыя нарадзілася ў сяле Ядуты (сяло, размешчанае на тэрыторыі Барзнянскага раёна Чарнігаўскай вобласці - заўв.) у 1913-ым годзе. Яе бацька – мой прадзед – украінец Іван Дзмітрэнка, а ягоная жонка – беларуска-ліцвінка Мотра Дзмітрыенка.

Атрымліваецца, што мая бабуля - напалову беларуска, а значыць частка беларускай крыві ёсць і ўва мне. Можна нават сказаць, што я ліцвін па маці.

У 1913-м бабуля нарадзілася, а ў 1933-м, калі быў Галадамор, чырвонаармейцы ў Ядутах праводзілі зачыстку, выграбалі ўсё зерне. Яны акружылі Ядуты, якія 20 гадоў супраціўляліся расейскай уладзе і раскулачванню. У Івана, майго прадзеда па маці, было 13 дзяцей і свой млын - "кулак" у чыстым выглядзе.

Яго прыйшлі "раскулачваць". Да гэтага забралі ўсю муку і зерне, а тут прыйшлі па пасяўное зерне. Калі ж вясной не пасееш, то ўсё - сям'я мёртвая. У выніку ў 1933-м годзе дзеда майго расстралялі, а прабабулю-беларуску забрала ВЧК, ніхто яе больш не бачыў. Мусіць, яе таксама расстралялі.

Дзетак разабралі мясцовыя, сваякі, а тых, хто быў старэйшы за 18 гадоў, накіравалі ў паселішчы на працы. Вось так маю 20-гадовую бабулю Марыю і перакінулі на Данбас у сяло Першамайскае. Атрымліваецца - як арыштантку. Пазней яна выйшла замуж на старшыню калгаса - Ягора Барадэнку. Пазней нарадзілася мая мама. Дарэчы, у нас у сям'і ўсе доўгажыхары - жывуць 100-103 гады.

Вось такая частка ліцвінскіх каранёў у мяне ёсць. Прычым, з такімі генацыднымі дзеяннямі ад расейцаў.

“Я застаўся кіраваць партызанскім рухам”

- У вашай біяграфіі была такая старонка, як расейскі палон і турма “Ізаляцыя” ў Данецку. Як вы туды патрапілі? Што там адбывалася?

- Я нарадзіўся ў Макееўцы ў 1964-ым годзе (горад у Данецкай вобласці Украіны, які з 2014-га года знаходзіцца пад акупацыяй РФ - заўв.), бачыў усё, што адбывалася ў Данецку з самага пачатку.

У 17 гадоў я паступіў у Чарнігаўскае лётнае вучылішча. Якраз паехаў на зямлю продкаў. Вывучыўся, лётаў, адслужыў, займаў пасаду начальніка 72-й авіябазы ХУПСа (Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт Паветраных Сіл - заўв.), сышоў на пенсію і вярнуўся на Данбас.

У 2013-ым годзе, калі Януковіч нядобра сябе павёў на Майдане, наша данецкая афганская арганізацыя "Ніхто акрамя нас" была ў Кіеве ўжо 2 снежня 2013 года.

З Майдану я вярнуўся на Данбас ужо вайсковым дарадцам губернатара Данецкай вобласці Сяргея Таруты. Абавязкі былі прыкладна як у сакратара Рады нацыянальнай бяспекі, але толькі ў вобласці.

Калі расейцы сталі заходзіць, то мы адразу арганізавалі на Данбасе штаб, падобны да Стаўкі. У яе ўвайшлі ўсе сілавікі: начальнік СБУ, кіраўнік МУС, начальнік Нацгвардыі. Увогуле - увесь сілавы блок. Натуральна, мы пачалі падрыхтоўваць супраціў унутры, партызанскія атрады, батальёны апалчэння. Калі яны поўнасцю захапілі вобласць, я застаўся кіраваць партызанскім рухам.

У 2019 годзе пра Рамана Світана і пра тое, як ён быў у палоне, знялі дакументальны фільм з цыкла “Героі ўкраінскага Данбаса”.

“Адзін з пальцаў раздрабілі на 17 кавалкаў”

Я трапіў у палон да расейскіх спэцслужбаў. Мяне высачылі і здалі ГРУшнікам мясцовыя данецкія мусаркі. Тыя, якія былі якраз у складзе штаба ў супрацьдзеянні. Яны практычна ў поўным складзе перайшлі на расейскі бок.

Мяне арыштоўвалі восем аўтаматчыкаў, перабіўшы мне прыкладамі вялікія пальцы на нагах, каб не ўцёк. Я да гэтага часу з цяжкасцю хаджу. Адзін з пальцаў раздрабнілі на 17 кавалкаў.

Прывезлі мяне ў “Ізаляцыю”, дзе некалькі дзён катавалі, выкарыстоўваю ўсе ГРУшныя метады: рэзалі кінжаламі сцягно, заганялі іголкі пад пазногці, выціскалі вочы, паяльнікам вадзілі па целе. Нават "сыроватка праўды" была.

Яны выбівалі інфармацыю, але партызанская дзейнасць, якую мы вялі, добрая тым, што некаторыя рэчы пра мяне яны і так ведалі (я ж свяціўся ўсюды), а тое, што не ведалі, дык я і сам не ведаў. Партызанская дзейнасць як такая не дае магчымасці ведаць, хто ніжэйшы за цябе на ўзроўні, скажам, калена. Непасрэднага кіраўніка я ведаю, а ўсю групу - не. Для іх было важна нешта выпытаць пра нашу партызанскую дзейнасць, а як з мяне нешта “выпытаць”, калі я не ведаю? Увогуле, рэзалі мяне, зашывалі, зноў рэзалі. Самае страшнае было, калі паяльнікам ламалі зубы і разагравалі нервы.

Ва ўсіх катаваннях пастаянна ўдзельнічаў мясцовы "доктар Менгеле" - Юрый Евіч. Ён трымаў мяне ў прытомнасці, зашываў. Дарэчы, усе гэтыя катаванні, якія там былі, ён апісаў у кнізе. Вось калі набраць у Google "Юрый Евіч, палкоўнік Світан", то Google выдае як раз спасылкі на яго апісанні.

Адзін раз я памёр на стале катоўні, калі мне ўжо дарэзалі сцягно да артэрыі, кроў пайшла. Наступіла клінічная смерць, але Евіч паспеў мяне адхаяць.

Пра мяне, дарэчы, нават Пуціну дакладвалі, маўляў, узялі "вялікага камбінатара" Данбаса. Затым у "Ізаляцыю" прыехаў так званы прэм'ер-міністр "ДНР", грамадзянін Расеі Аляксандр Барадай (цяпер - дэпутат Дзярждумы РФ ад "Адзінай Расеі") і праводзіў са мной допыт асабіста.

Прычым, звычайна ўсе астатнія былі альбо ў масках, альбо мне на галаву быў надзеты мех. Барадай жа быў на допыце без маскі, і з мяне яе знялі. Усе астатнія былі ў масках.

У канцы допыту вердыкт: расстраляць. Самае цікавае, што ўсіх, хто ўдзельнічаў у маім затрыманні, паламалі ў склепе, практычна ўсе мёртвыя, акрамя некалькіх чалавек. Адзін з іх - лекар Евіч, які да гэтага часу жывы.

“Я патрэбны быў для абмену”

Увогуле, я патрапіў у расстрэльныя спісы. Мяне ўжо везлі на могілкі, але па дарозе, “на замову” аднаго з тагачасных верхаводаў баевікоў “ДНР” Ігара Безлера (Беса), аўто са мной перахапілі баевікі батальёна “Усход” і адбілі. Некаторы час я знаходзіўся на базе "Усходу", затым мяне пераправілі ў Горлаўку.

Безлеру я патрэбны быў для абмену. Я быў у спісе 15-ці палонных, якіх рыхтавалі абмяняць на дыверсантку Вольгу Курыгіну, якая была ў нас у палоне. Па выніку мяне першага аддалі да абмену, таму што пачаўся сэпсіс, тэмпература падскочыла пад 40. "Бес" сказаў, што "ўсё адно здохне", маўляў, хай забіраюць Світана.

Так я вырваўся з палону, патрапіў у Дняпро да добрых лекараў, дзе мяне сабралі, паставілі на ногі. Па выніку я знаходзіўся тыдзень у "Ізаляцыі" і тыдзень у Безлера.

У Дняпры, калі стаў на ногі, быў вайсковым дарадцам губернатара Днепрапятроўскай вобласці і мэра Дняпра.

- Цяпер жа вы супрацоўнічаеце з многімі СМІ як экспэрт. Сёння многія аналітыкі мудрыя "прамінулай датай" і расказваюць, што прадбачылі поўнамаштабную вайну. Скажыце, вы чакалі таго, што Расея 24 лютага нападзе на Украіну?

- Вядома. Гэта было зразумела ў снежні 2013 года. Усё пачалося з Януковіча. Расейцы ў 2014-ым зайшлі ў Крым, палезлі на Данбас і было зразумела, што РФ не спыніцца. Гэта імпэрыя, якая спыніцца толькі тады, калі раскідаецца.

Тое, што яны гатовы да нападу, было зразумела за год да 24 лютага. Як толькі была прынятая пастанова разгортваць шырокамаштабныя вучэнні ўздоўж мяжы з Украінай. Гэта стала пачаткам прыхаванай падрыхтоўкі да ўварвання. Як толькі ў Беларусь увайшло больш за 10 тысяч войскаў, усё адразу стала зразумела. Проста вучэнні ніколі не праводзяцца больш за 10 тысяч: калі ж заводзіцца больш, то гэта ўжо шырокамаштабная перакідка - падрыхтоўка да нападу. Пуцін чакаў толькі заканчэння Алімпіяды ў Кітаі.

- У вас частка сям'і ў прымежнай з Беларуссю Чарнігаўскай вобласці. Ці чакалі вы, што расейскія войскі пойдуць з Беларусі і Лукашэнка стане з агрэсарам?

- Магу сказаць, што ўкраінцы ніколі не прабачаць Лукашэнку ўчыненыя ім злачынствы. Дайце мне аўтамат - і мая рука не здрыганецца адразу яго расстраляць. Ён канкрэтна ўдзельнічаў у забойстве людзей, ён даў тэрыторыю Беларусі. Падкрэслю, ён удзельнік забойстваў мірных украінцаў.

Хачу звярнуцца да беларусаў, цытуючы нашага знакамітага паэта Тараса Шаўчэнкі: «Борітеся – поборете! Вам Бог помагає!». Змагайцеся, беларусы.

Мы выгналі Януковіча штурхялямі, а з Лукашэнкам вы ўжо самі вызначайцеся, як паступіць, але, адназначна, трэба змагацца і знішчаць агрэсара. Украінскі ж народ уважае беларусаў за братоў. Нашы лёсы пераплеценыя.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках