УСУ адсунулі сілы РФ на левым беразе Дняпра
3- 19.11.2023, 20:14
- 16,782
Мінамётныя абстрэлы з боку РФ зараз не дасягаюць правага берага.
Узброеныя сілы Украіны (УСУ) адсунулі расейскія сілы на некалькі кіламетраў на захопленым левым беразе Дняпра, з-за чаго мінамётныя абстрэлы з боку РФ цяпер не дасягаюць правага берага, заявіла кіраўніца Аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра сіл абароны поўдня Украіны Наталля Гумянюк у нядзелю, 19 лістапада.
Са слоў Гумянюк, УСУ адсунулі расейскія сілы на адлегласць ад 3 да 8 кіламетраў "у залежнасці ад спецыфікі геаграфіі і ландшафтнага дызайну левага берага". "Ужо мінамётныя разлікі не дасягаюць правага берага і таму гэта пэўнае дасягненне, якое мы ўжо можам фіксаваць", - сказала яна.
Паводле слоў Гумянюк, колькасць расейскай групоўкі на левым беразе ацэньваецца на "некалькі дзясяткаў тысяч" чалавек, аднак дакладную лічбу яна не назвала, каб "не арыентаваць ворага".
У апошнія тыдні ўкраінскае войска стварыла некалькі плацдармаў на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці, які кантралююць расейскія войскі. У пачатку лістапада УСУ замацаваліся ў частцы сяла Крынкі і бліжэйшых лясах, пісалі OSINT-аналітыкі і паведамлялі крыніцы СМІ ў расейскім войску.