ГУР: У расейцаў пачалася паніка на левым беразе Дняпра
- 21.11.2023, 10:29
- 6,412

Новыя плацдармы УСУ сталі сюрпрызам для акупантаў.
Фармаванне плацдармаў УСУ на левабярэжжы Херсонскай вобласці сапраўды стала для расейцаў нечаканасцю і справакавала пэўныя панічныя настроі сярод акупантаў.
Пра гэта ў каментары LIGA.net заявіў прадстаўнік ГУР Мінабароны Украіны Андрэй Чэрняк.
«Цяпер мы бачым, што праз прысутнасць падраздзяленняў Сіл абароны Украіны на левабярэжжы Херсонскай вобласці ў расейцаў ёсць пэўная паніка. Яны актыўна праводзяць перагрупоўку сіл і спрабуюць перакідаць туды свае дадатковыя фармаванні», – сказаў прадстаўнік ГУР.
З яго слоў, акупанты спадзяваліся, што тымі сіламі і сродкамі, якія ў іх там ужо ёсць, яны змогуць утрымаць гэтыя захопленыя тэрыторыі.
Для фармавання плацдармаў патрэбныя былі добра падрыхтаваныя людзі і доўгае дбайнае планаванне, удакладніў LIGA.net вайсковы эксперт, маёр запасу Нацгвардыі Украіны Аляксей Гецьман.
«Да таго, як пачалі працаваць марскія пяхотнікі, амаль паўгода туды высаджваліся нашы дыверсійна-выведвальныя групы. Яны не збіраліся замацоўвацца, проста трымалі ворага ў напружанні, праводзілі рэйды. Таму расейцы не адразу зразумелі, што мы фармуем плацдарм. Абвыклі да сталага перасоўвання нашых ДРГ», - нагадаў ён.
Хутчэй за ўсё, украінскіх вайскоўцаў, якія пачыналі ствараць там плацдарм, расейцы ўспрынялі як чарговую актыўнасць дыверсантаў, выказаў меркаванне вайсковы эксперт.