2 студзеня 2026, Пятніца, 16:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нямеччыне прадказалі вайну з Расеяй праз шэсць гадоў

24
У Нямеччыне прадказалі вайну з Расеяй праз шэсць гадоў
Фота: Reuters

Крэмль фактычна перавёў эканоміку на вайсковыя рэйкі.

Нямеччына і іншыя чальцы NATO маюць блізу 6–10 гадоў, каб падрыхтавацца да вайны з Расеяй на сваёй тэрыторыі.

Такая ацэнка змяшчаецца ў дакладзе «Прадухіліць наступную вайну» Нямецкага таварыства знешняй палітыкі (DGAP). Аўтарамі дакумента выступілі эксперты Цэнтра бяспекі і абароны ў Берліне Крысціян Мелінг і Торбен Шуц, піша The Moscow Times.

На іхнюю думку, Маскве спатрэбіцца не больш за 10 гадоў, каб аднавіць сваё войска для нападу на NATO пасля заканчэння інтэнсіўных баявых дзеянняў ва Украіне.

Эксперты зазначаюць, што на гэты момант Расея фактычна перавяла эканоміку на ваенныя рэйкі і выкарыстоўвае гэта для аднаўлення Узброеных сілаў перад новай вайной, у тым ліку для папаўнення Узброеных сілаў ваеннай тэхнікай.

Паводле падлікаў Мелінга і Шуца, Расея можа навучаць блізу 280 тыс. навабранцаў за год. Такім чынам, за шэсць гадоў яна здольная падрыхтаваць амаль 1,7 млн чалавек, а праз дзесяць гадоў – 2,8 млн чалавек.

«Нават пасля амаль двух гадоў вайны ва Украіне ваенны патэнцыял Расеі вышэйшы, чым гэта ўяўляецца», – пішуць аўтары дакладу. Яны адзначылі, што Нямеччына і NATO ўдзельнічаюць у «гонцы з часам», каб умацаваць свае звычайныя ўзброеныя сілы і стрымаць магчымы напад Расеі на такія краіны, як Літва, Латвія і Эстонія.

Для прадухілення вайны краіны NATO павінны паказаць Расеі, што канфлікт з блокам безнадзейны для Масквы. Эксперты прапануюць у гэтых мэтах хутка павялічыць ваенны патэнцыял краінаў ЕЗ і адкрыта паведаміць пра гэта Расеі. Закончыць перабудову NATO неабходна як мінімум за год таго, як Расея будзе гатовая да вайны з альянсам на ягонай тэрыторыі, падкрэслілі Мелінг і Шуц.

Эксперты Цэнтра бяспекі і абароны ў Берліне таксама адзначаюць, што гэта асабліва важна, бо няма надзеі на змену расейскага рэжыму і актывізацыю грамадзянскай супольнасці ў Расеі найбліжэйшым часам.

Як піша Deutsche Welle, Мелінг засноўваў свой аналіз на інфармацыі, атрыманай ад выведных і абаронных службаў Нямеччыны. Таксама ён браў да ўвагі новыя кірункі абароннай палітыкі бундэсвера, якія былі прадстаўленыя міністрам абароны ФРГ Барысам Пісторыюсам у пачатку лістапада.

Пры гэтым галоўным дапушчэннем экспертаў з'яўляецца тое, што Расея здолее замарозіць канфлікт ва Украіне, што дасць Маскве час для аднаўлення свайго войска. Але ў Берліне мала хто верыць у хуткае спыненне вайсковых дзеянняў, адзначае DW.

«У абодвух бакоў ёсць далейшыя вайсковыя планы. Я думаю, мы павінны выказаць здагадку, што гэта будзе доўжыцца яшчэ нейкі час», – сказаў аналітык Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы Ніка Ланге.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках