Пуцін памілаваў сатаніста-людаеда
26- 21.11.2023, 16:39
- 18,386
Ён забіў дзвюх дзяўчынаў, расчляніў іх і з'еў некаторыя часткі цела.
Сябра банды забойцаў і сатаніст Мікалай Агалабяк вызвалены ад пакарання за ўдзел у вайне супраць Украіны. Ён павінен быў адбываць пакаранне да 2030 года, але быў вызвалены пасля паўгадавой службы ў складзе групы «Шторм Z» і ранення, паведамляе Arbat.media.
Банда яраслаўскіх падлеткаў-сатаністаў здзейсніла жорсткае забойства ў 2008 годзе. Забойцы расчлянілі дзяўчатаў і выставілі злачынства як рытуальнае ахвярапрынашэнне, «прысвечанае сатане».
Так, згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, летам 2008 года банда напаіла дзвюх знаёмых дзяўчынаў і вывезла іх у лес. Дзе злачынцы распалілі вогнішча, потым закалолі ахвяраў кінжаламі. Пасля таго як ахвяраў расчлянілі, некаторыя часткі іх цела з'елі.
Следчыя сцвярджалі, што пазбаўляў жыцця дзяўчатаў менавіта Агалабяк – ён перарэзаў ім горла. Прычым ён быў адзіным поўнагадовым у жорсткай бандзе.
Прысуд сатаністам вынеслі паводле артыкулаў – забойства, здзек з целаў памерлых, здзек з месцаў пахаванняў, учынены групай асобаў паводле папярэдняй змовы.
Верхавод банды Агалабяк павінен быў вызваліцца толькі ў 2030 годзе, але атрымаў памілаванне ад Уладзіміра Пуціна. Паўгода праваяваўшы ў складзе «Шторм-Z» ён вярнуўся ў родны Яраслаўль. Цяпер злачынца аднаўляецца пасля сур'ёзнага ранення.