Тры стратныя сельгасарганізацыі Гомельскай вобласці перададзеныя новым уласнікам
5- 21.11.2023, 18:19
- 6,790
Новыя ўладальнікі наўрад ці ўзрадуюцца.
У Гомельскай вобласці стане на тры сельскагаспадарчыя прадпрыемствы менш. Мясцовыя ўлады, якім належалі гаспадаркі, прынялі пастанову пра іх далучэнне да іншых прадпрыемстваў, адзначае «Флагшток».
У Петрыкаўскім раёне КСУП «Чалюшчавічы» было пераўтворанае ў адкрытае акцыянернае таварыства для таго, каб надалей далучыць у якасці даччынай кампаніі да холдынга «Беларуськалій-Агра».
У «Чалюшчавічах» ёсць 38 тысячаў буйной рагатай жывёлы, аднак прадпрыемства доўгі час адчувае фінансавыя праблемы і знаходзіцца ў пераліку неплацежаздольных сельскагаспадарчых арганізацый, якія маюць быць фінансава аздароўленыя Гомельскім аблвыканкамам.

У складзе холдынгу «Беларуськалій-Агра» гаспадарка з Петрыкаўскага раёна стане першай з Гомельскай вобласці. Цяпер у ягоную структуру ўваходзіць пяць гаспадарак Менскай вобласці.
Кармянскі райвыканкам прыняў пастанову пра далучэнне КСУП «імя Валадарскага» да ААТ «Кармааграсэрвіс». Дадатковы выпуск акцый ААТ «Кармааграсэрвіс» будзе перададзены ва ўласнасць Кармянскага раёна.
КСУП «імя Валадарскага» таксама доўгі час знаходзіўся ў пераліку неплацежаздольных сельскагаспадарчых арганізацый. У новага ўладальніка маёмасці справы ідуць не нашмат лепш. Сукупны прыбытак ААТ «Кармааграсэрвіс» за апошнія два гады склаў -700 тыс. BYN.
У Рагачоўскім раёне КСУП «Новы шлях» далучылі да ААТ «Рагачоўскі аграсэрвіс». Новаму ўласніку таксама будзе складана вытрымаць дадатковую ношу, бо апошнія два гады чысты прыбытак ААТ «Рагачоўскі аграсэрвіс» складаў усяго адпаведна 2 і 1 тыс. BYN.