Банкі прагназуюць дэвальвацыю беларускага рубля
5- 21.11.2023, 18:55
- 14,442
І рыхтуюцца да гэтага сцэнарыя.
Беларускія банкі чакаюць, што нашая нацвалюта ў 2024 годзе можа дэвальвавацца. Паводле прагнозу некаторых фінустановаў, беларускі рубель можа аслабнуць да 10% да цяперашніх значэнняў. Такі прагноз прадстаўнікі банкаў зрабілі на кірмашы фінансавання ў Менску. Пра гэта пішуць Office Life і Office Life и ilex.by.
Як прагназуюць банкі, паводле базавага сцэнара ў наступным годзе беларускі рубель дэвальвуецца прыкладна на 8–10%. Пры гэтым шмат будзе залежаць ад курсу расейскага рубля, паколькі абедзве валюты моцна ўзаемаўвязаныя.
У дэталях прагнозы розных банкаў адрозніваюцца, але не надта істотна. Так, намеснік старшыні кіравання «Парытэтбанка» Дзмітрый Захараў паведаміў, што банк закладвае ў свае планы на 2024 год наступныя курсы асноўных валютаў: даляр – 3,4 рубля, еўра – 3,6 рубля, 100 расейскіх рублёў – 3,54 беларускіх.
У «МТБанку» курс амерыканскай валюты прагназуюць у дыяпазоне 3,3–3,4 рубля, а ў Банку развіцця – 3,2–3,4 рубля. Расейскі рубель тут ацэньваюць у дыяпазоне 90–95 за 1 даляр. Дарэчы, многія эксперты мяркуюць, што ў 2024 годзе даляр аслабне да еўра, бо інфляцыя ў ЗША зніжаецца і Федэральная рэзервовая сістэма (аналаг нашага Нацбанка) можа перайсці да зніжэння ключавых ставак.
У большасці банкаў мяркуюць, што паслабленне беларускай валюты будзе «кіраваным», гэта значыць без рэзкіх скачкоў курсу. Вядома, пры ўмове адсутнасці новых негатыўных чыннікаў на важных для нас рынках і форс-мажорных сітуацый. У апошнім выпадку магчымыя больш істотныя курсавыя ваганні.
У лістападзе на беларускім рынку склалася ўжо крыху забытая карціна, калі валюта зноў становіцца цікавай суб'ектам гаспадарання. Гэта звязана, па-першае, з тым, што яе шмат – на рынку назіраецца валютны прафіцыт. Па-другое, валютныя крэдыты цяпер амаль удвая таннейшыя за рублёвыя (у сярэднім 5–6% супраць 10% гадавых).
Таму большасць банкаў адзначае рост крэдытавання, сярод іншага ў далярах. І, як бы дзіўна гэта ні выглядала, некаторыя кліенты пачалі «пераварочваць» рублёвыя крэдыты ў валютныя. Яшчэ два месяцы таму на рынку назіралася наўпрост супрацьлеглая сітуацыя.