Казахстан даў дабро на запуск Starlink Ілана Маска
5- 21.11.2023, 19:43
- 4,418
Улады Казахстана зменяць заканадаўства ў сферы сувязі.
Улады Казахстана зменяць заканадаўства ў сферы сувязі, каб легалізаваць у краіне выкарыстанне спадарожнікавага інтэрнэту амерыканскай кампаніі Starlink, паведаміў міністр лічбавага развіцця, інавацый і аэракасмічнай прамысловасці краіны Багдат Мусін, паведамляе Zakon.kz.
Паводле ягоных словаў, пытанне павінна быць развязанае ў наступным годзе. Калі менавіта – залежыць ад мажыліс парламента. Раней ва ўстанове заявілі, што выкарыстанне грамадзянамі інтэрнэту ад Starlink з'яўляецца незаконным, парушае правілы бяспекі і вынікуе штраф 10 МПП (блізу 7000 рублёў).
Мусін зазначыў, што ў гэты момант абмежаванні сапраўды ёсць. Ён нагадаў, што яшчэ тры гады таму для паслуг Starlink трэба было ўстанаўліваць на тэрыторыі Казахстана сваё абсталяванне і ўзгадняць гэта з мясцовымі сеткамі сувязі. Аднак цяпер неабходнасць у размяшчэнні абсталявання адпала, паколькі кампанія здолела палепшыць міжспадарожнікавае злучэнне ў космасе.
«Гэта было абвешчана сёлета, таму наша заканадаўства яшчэ не адаптаванае пад гэта», – дадаў Мусін. Ён нагадаў, што раней у краіне быў запушчаны пілотны праект падключэння да інтэрнэту Starlink дзесяці сельскіх школаў у Алмацінскай вобласці, а цягам паўгода да іх дададуцца яшчэ 2000 адукацыйных установаў. Такім чынам улады плануюць вывучыць новую тэхналогію і выпрацаваць неабходныя заканадаўчыя нормы, а пакуль яе выкарыстанне знаходзіцца ў «шэрай зоне».
Starlink – праект кампаніі SpaceX Ілана Маска для забеспячэння глабальнага доступу да высакахуткаснага інтэрнэту з дапамогай спадарожнікаў, якія разгортваюць на арбіце вышынёй 550 км. Да сярэдзіны 2020-х гадоў кампанія мае намер стварыць сетку з 12000 такіх апаратаў. Цяпер на нізкай калязямной арбіце працуе больш за 4500 спадарожнікаў.