Рада БНР узнагародзіць гераічных беларусаў медалямі Ордэна Пагоні
3- 27.11.2023, 12:20
- 3,492

Сярод іх — Аляксандра Герасіменя.
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла ў Дзень Герояў (гадавіну Слуцкага збройнага чыну) падпісала дэкрэт аб узнагароджанні медалём Ордэна Пагоні і медалём «За баявыя заслугі», паведаміў першы намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык.
Дэкрэт мае закрыты характар. Імёны чатырох узнагароджаных не публікуюцца.
Сярод тых, чые імёны названыя ў ліку ўзнагароджаных медалём Ордэна Пагоні, ёсць тры гераічныя жанчыны.
Гэта шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы ў плаванні, уладальніца трох алімпійскіх медалёў Аляксандра Герасіменя, якая выступіла супраць фальсіфікацыі «выбараў» і тэрору супраць народа, выявіўшы ўзорную нязломнасць і вернасць ідэалам свабоды.
Гэта оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, чый голас стаў голасам народнага пратэсту 2020 года, а кагадзе гучаў на баявых пазіцыях беларускіх ахвотнікаў.
Гэта Аліна Нагорная — ейная сістэмная барацьба за беларускую мову дае надзею, што нацыя не страціць тое галоўнае, што адрознівае яе ад іншых народаў.
Усе трое ахвяравалі шмат чым у сваіх лёсах дзеля вольнай будучыні Беларусі.
Таксама медалём Ордэна Пагоні ўзнагароджаны беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.
Пасмяротна ўзнагароджаны беларускі ахвотнік з празваннем "Атам".