Педыятр з Гомеля стала заўважаць у дзяцей хваробу, пра якую «ўсе забыліся»
12- 27.11.2023, 19:31
- 21,900
Яна тлумачыць, як яе распазнаць.
Педыятр з Гомеля Зоя Добыш актыўна паказвае ў Instagram сваю працу і дае парады бацькам, як сачыць за здароўем дзяцей. Яна расказвае, якія метады лекавання эфектыўныя, а якія выкарыстоўваць няма сэнсу ці нават шкодна. Нагадвае, калі варта прывіваць і ад якіх хваробаў. А нядаўна лекарка заўважыла, што дзеці сталі часцей хварэць на коклюш, і патлумачыла дарослым, як не прапусціць гэтае захворванне, піша «Люстэрка».
«Коклюш – страшная інфекцыя, пра якую ўсе забыліся»
Добыш у педыятрыі больш за 13 гадоў, яна выступае за вакцынацыю і «адэкватны мінімум у лекаванні дзіцяці». Нядаўна спецыялістка падзялілася назіраннем, што дзеці сталі часцей хварэць на коклюш.
– Страшная інфекцыя, пра якую ўсе забыліся. Былі спарадычныя выпадкі. Цяпер тры гады «кароны», перабоі з вакцынацыяй, рост антыпрышчэпачнага руху – і коклюш папёр угару, – расказала яна і паказала відэа, як можа выглядаць прыступ такога кашлю. – Апошняя вакцынацыя ў Рэспубліцы Беларусь ад коклюшу дзецям паводле календара ўводзіцца ў паўтара года. У шэсць гадоў можна ўводзіць «Адасэль» (расейская вакцына супраць коклюшу, дыфтэрыі і слупняку. – Заўв. рэд.), але многія пра гэта не ведаюць, а таксама часта гэтай прышчэпкі не бывае ў паліклініцы.
Паводле словаў педыятра, найбольш небяспечная гэтая хвароба для дзяцей да года – яны «проста задыхаюцца». Характэрны коклюш таксама для дзяцей ад 6 гадоў і старэйшых. Бацькі могуць апазнаць інфекцыю з шалёных прыступаў кашлю, на піку якіх дзіця можа званітаваць. Дзіця можа хапаць ротам паветра, садзіцца падчас кашлю. Лекарка адзначае, што прышчэпленыя дзеці таксама хварэюць на коклюш, але пераносяць яго лягчэй.