1 верасня 2024, Нядзеля, 1:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як пазбавіцца ад дакучлівых супрацоўнікаў КДБ

26
Як пазбавіцца ад дакучлівых супрацоўнікаў КДБ

Парада ад беларускага музыкі

Сяржук Доўгушаў – не проста музыка, а адзін з галоўных папулярызатараў беларускага фальклору. Не многія ведаюць, што менавіта ён быў сярод стваральнікаў "Вольнага хору", які ў 2020 годзе стаў адной з рухальных сіл пратэстаў.

У інтэрв'ю праграме Studio X-97 сайта Charter97.org ён расказаў, як пазбавіцца ад дакучлівых супрацоўнікаў КДБ.

- Ты да 2018 года працаваў у філармоніі ў Менску. Я ведаю, што там былі гісторыі, калі цябе запрашалі на працу ідэолагі і супрацоўнікі КДБ. Можам пра гэта пагаварыць? Што было прычынай?

- Мае гастролі. Я вельмі часта выязджаў у Чэхію і Польшчу з канцэртамі. І галоўны ідэолаг кожны раз, калі яму тэлефанавалі, мяне выклікаў: “Сяргей Васільевіч, падыдзіце ў нейкі кабінет. Раскажыце, дзе вы былі. Нам патэлефанавалі, вы засвяціліся з людзьмі на фатаграфіях…”

- А з якімі людзьмі, не казалі?

- Не кажуць ніколі. “Вам добра ў філармоніі? Вы хочаце працаваць далей? Вы глядзіце, падумайце”. Пасля яшчэ выклікалі. А неяк прыходжу, а там сядзіць хлопец, нават маладзейшы за мяне. "Да вас прыйшлі, Сяргей Васільевіч". У мяне ўпершыню была такая гісторыя. Ён са мной ідзе і пачынае: "Я Сяргей". З таго моманту з’явіўся нейкі Сяргей, які ўвесь час мне тэлефанаваў. Які проста прыходзіў і назіраў. Мы тры разы з ім сустрэліся. Першы раз сустрэліся, калі ён усё распытваў: “А хто вось гэты чалавек? А што пра яго можаш сказаць? Вельмі непрыемна было. Я пачынаю згадваць, што нешта падобнае ў беларусаў было і раней, за савецкай уладай. Другая сустрэча - гэта ўжо пагрозы: “Так, Сяргей Васільевіч. Вы ж сядзелі ў 2010 годзе. Вы ж не хочаце зноў туды трапіць. У вас могуць быць праблемы”. Пагрозы-пагрозы, а трэцяя сустрэча - гэта вярбоўка. Мы ідзём з ім, размаўляем. Я акурат прыехаў з Чэхіі. “Як там у Чэхіі? Добра пагулялі? Ён пра мяне ўсё ведаў. Куды паехаў, што рабіў. “Ты куды ідзеш? У Купалаўскі тэатр? Можа ты хочаш там працаваць? Мы можам цябе прызначыць, будзеш працаваць. Ты ездзіш у экспедыцыі, можам прызначыць цябе ў Інстытут культуры, будзеш мець добры заробак і там працаваць. Давай!”

У той момант я проста ўвесь быў напружаны. Табе ў кожную секунду могуць патэлефанаваць, адчуванне, што за табой увесь час сочаць. А потым мне адзін добры чалавек параіў: “А ты пачні пра гэта расказваць усім. І калі наступным разам з ім сустрэнешся, проста папрасі сфатаграфаваць яго пасведчанне”. Больш з ім не сустракаўся, чалавек проста знік. А аднойчы прыязджаю ў сваю кватэру, а ў мяне зламаныя дзверы. Не ведаю, ці звязана гэта, але, хутчэй за ўсё, звязана. Увесь замок разбіты, нічога з кватэры не вынесена. Калі гэта рабілі злодзеі, то яны хаця б нешта скралі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках