27 лiпеня 2024, Субота, 15:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскія акупанты заявілі, што камандаванне падманула іх на левабярэжжы Херсоншчыны

7
Расейскія акупанты заявілі, што камандаванне падманула іх на левабярэжжы Херсоншчыны

Пакрыўджаныя вайскоўцы пералічылі шэраг праблем.

Вайскоўцы Расеі, якія знаходзяцца на акупаванай частцы левабярэжжа Херсоншчыны, паскардзіліся на сваё камандаванне. Захопнікі заявілі, што яно іх падманула - не толькі з узбраеннем, але і з ежай і выплатамі, піша obozrevatel.com.

У той жа час запэўнівалі, што яны "тут не за грошы", а хочуць нармальнага да сябе стаўлення з боку роднай краіны-агрэсаркі. Скаргі на жыццё-быццё ва Украіне ваенныя злачынцы запісалі на відэа пад жаласлівае музычнае суправаджэнне, яно распаўсюдзілася ў Сеціве.

“Фактычна мы лічымся ў РФ. Як мы гэта даведаліся? У некаторых вайскоўцаў судовыя прыставы пачалі блакаваць рахункі. Яны робяць запыт у міністэрства абароны, яно адказвае, што мы не на "СВА". А на выспы людзей запускаюць на сем-дзесяць дзён. З ракі Дняпро жаруць тое, што пад нагамі знаходзяць”, - пачаў аповяд адзін з захопнікаў.

Паводле ягоных слоў, таварышы расказвалі, што знайшлі бляшанку тушонкі, дадалі яе ў кіпень з ракі і сёрбалі такую ежу, "проста, каб не здохнуць з голаду". Ён дадаў, што камандаванне іх падманула, а расейцам даюць хлуслівую інфармацыю пра іх і баявыя дзеянні.

У шэрагах акупантаў гэты расеец уважаецца за медыка, але, кажа, таварышаў яму даводзіцца лячыць, купляючы медыкаменты за ўласныя грошы.

“Але гэта паўбяды. Кожны з нас, у якога ёсць вайсковы білет на руках... Вось, графа "вайсковая служба згодна з кантрактам" пустая. Усё, ва ўзброеных сілах не служыў. І гэта ў чалавека, які знаходзіцца на перадавой, выконвае баявыя заданні, лезе пад кулі, пад мінамётамі бегае.. “Праходжанне службы ў перыяд мабілізацыі і ваеннага становішча” – пустая”, - выказаўся захопнік.

Іншы яго саслужывец дадаў, што параненых з поля бою яны вывозяць на “асабістым” транспарце (відавочна, што на тым, які скралі ў мясцовых жыхароў), які запраўляюць за свае грошы ці пераводы ад жонак.

Сярод іншых праблем акупанты назвалі адсутнасць мінамётнага і паветранага прыкрыцця, выведкі і нібыта малой колькасці боепрыпасаў. Некаторыя завялі тэму, маўляў, усе прыйшлі ваяваць "не за грошы", але хочуць, каб, пакуль яны знішчаюць Украіну і забіваюць украінцаў, іх сем'і ў РФ не бедавалі, а былі забяспечаныя льготамі і г.д.

За музыкай на відэа дрэнна чуваць, што там яшчэ расказвалі гэтыя захопнікі, але карцінка паказвае, што яны нядрэнна ўладкаваліся. У кадры заўважана блізу сямі акупантаў, якія сядзяць у сутарэнным памяшканні, дзе яны зладзілі сабе нармальныя ўмовы дзякуючы нарабаванай ва ўкраінцаў маёмасці. Відавочна, што там цёпла, бо ўсе адзетыя лёгка, ім ёсць што есці - на солі стаяць кансервы і маянэз, а яшчэ яны спакойна паляць. І вось на фоне гэтага ўсяго гэтыя расейскія вайсковыя злачынцы скардзяцца, як ім дрэнна на пуцінскай вайне.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках