Рада ЕЗ ухваліла дадатковае фінансаванне для навучання ўкраінскіх вайскоўцаў
1- 28.11.2023, 18:26
- 1,460
![Рада ЕЗ ухваліла дадатковае фінансаванне для навучання ўкраінскіх вайскоўцаў](https://i.c97.org/p/articles/2015/ai-147801-aux-360-20150415_sovet_evropy_Council_of_Europe_360.jpg)
У навучанні вайскоўцаў УСУ ўдзельнічае шэраг дзяржаваў.
Рада Еўрапейскага звязу сёння, 28 лістапада, прыняла пастанову вылучыць дадатковае фінансаванне для навучання вайскоўцаў Узброеных сілаў Украіны. Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на сайт Рады ЕЗ.
Такія трэніроўкі байцоў УСУ праводзяцца ў рамках Місіі ваеннай дапамогі Еўразвязу ў падтрымку Украіны (EUMAM Ukraine).
Фінансаванне будзе павялічанае на 194 мільёны еўраў і агулам складзе 255 мільёнаў еўраў.
«Мэтай сённяшняй пастановы з'яўляецца прадаўжэнне падтрымкі EUMAM у нарошчванні патэнцыялу Узброеных сілаў Украіны, зыходзячы з патрэбаў Украіны і прымаючы да ўвагі рост аб'ёму і складанасць навучальнай праграмы», – гаворыцца ў заяве Рады ЕЗ.
Таксама адзначаецца, што гэтая падтрымка прадоўжыць спрыяць шырокамаштабнай падрыхтоўцы асабовага складу УСУ і дазволіць дзяржавам-сяброўкам ЕЗ падаць неабходнае навучальнае абсталяванне і матэрыялы.
Нагадаем, што блізу года таму трэніровачная місія Еўрапейскага звязу для вайскоўцаў УСУ (EUMAM Ukraine) дасягнула поўнай аператыўнай гатоўнасці. Мандат місіі спачатку будзе доўжыцца два гады, а фінансавы арыенцір агульных выдаткаў быў устаноўлены на ўзроўні 3,1 млрд еўраў.
У навучанні ўкраінскіх вайскоўцаў удзельнічае шэраг дзяржаваў.
З моманту запуску місіі EUMAM Украіна ў кастрычніку летась і да сёння ў рамках праграмы ўжо прайшлі навучанне больш за 34 тысячы ўкраінскіх салдатаў.
Таксама ў канцы кастрычніка стала вядома, што Нямеччына пачала навучанне групы ўкраінскіх вайскоўцаў на ЗРК Patriot.