У Нямеччыне праводзяць новыя ператрусы ў «райхсбюргераў»
1- 29.11.2023, 15:56
- 5,654
Чальцоў руху летась абвінавацілі ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту.
У Нямеччыне праходзіць сэрыя ператрусаў у так званых «райхсбюргераў», руху, сябраў якога летась абвінавацілі ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту.
Пра гэта паведамляе "Еўрапейская праўда" са спасылкай на нямецкае выданне Spiegel.
З ранніх гадзін серады ператрусы праходзяць на дзесяці адрасах, звязаных з арганізацыяй "Каралеўства Нямеччына" ў некалькіх федэральных землях. Да аперацыі залучаны шэраг узброеных структур.
Ператрусы звязаныя з падазрэннем, што арганізацыя без належных дазволаў займаецца бізнэсам у сфэры банкавай дзейнасці і страхавання. У сувязі з гэтымі падазрэннямі арганізацыя ўжо неаднаразова атрымлівала адміністрацыйныя прадпісанні, а яе "прадстаўнічыя канторы" ліквідоўвалі.
Ператрусы здзяйсняюцца паводле ордэру суда ў Дрэздэне з мэтай атрымаць довады і выканаць ордэры на арышт.
На мінулым тыдні ў Нямеччыне таксама прайшлі маштабныя ператрусы ў падазраваных у датычнасці да руху «райхсбюргераў», але паводле іншых абвінавачанняў.
У 2022 годзе ў Нямеччыне пачалася маштабная спецаперацыя супраць удзельнікаў руху «райхсбюргераў», якія планавалі выкрадаць палітыкаў і штурмаваць Бундэстаг.