Прэзідэнтка Малдовы пазбавіла грамадзянства лідара маргінальнай прарасейскай
6- 29.11.2023, 17:43
- 12,026
Ён падтрымліваў вайну супраць Украіны.
Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду пазбавіла грамадзянства лідара маргінальнай прарасейскай Партыі рэгіёнаў і Кангрэса малдаўскіх дыяспараў у Расеі Аляксандра Калініна.
Адпаведны ўказ з'явіўся на сайце кіраўніцы малдаўскай дзяржавы ў аўторак, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Падставай для пазбаўлення Калініна грамадзянства Малдовы стаў падпункт 3 пункта 1 артыкула 23 закона аб грамадзянстве, а менавіта «вярбоўка ва ўзброеныя сілы замежнай дзяржавы».
Аляксандр Калінін стаў старшынёй малдаўскай Партыі рэгіёнаў у 2016 годзе. У 2020 годзе Калінін збіраў подпісы ў падтрымку сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах, але пазней з уласнай ініцыятывы адмовіўся ад гэтага.
Калінін адкрыта падтрымлівае ўварванне Расеі ва Украіну. На шматлікіх фота і відэа ў сваіх сацсетках ён з'яўляецца ў вайсковай форме, з сімволікай Z, якую расейскае войска выкарыстоўвае ў вайне ва Украіне і якая забароненая ў Малдове.
Таксама малдаўскі палітык праводзіць акцыі ў падтрымку расейскіх салдатаў – збірае абутак і цёплае адзенне, якія потым сам развозіць па акупаваных населеных пунктах Луганскай вобласці.
Еўрапейскі Звяз і Канада ўнеслі Калініна ў санкцыйныя спісы праз спробы дэстабілізаваць сітуацыю ў Малдове.