«Мы можам даць гэтаму месту зусім іншы ўзровень»
3- 30.11.2023, 11:04
- 3,406
Беларусы адкрылі пад Варшавай незвычайны сушы-бар.
У польскім Прушкаве — месце за 18 кіламэтраў ад Варшавы — адкрыўся сушы-бар з незвычайнай назвай Sushi Kawa. У ім, вядома, гатуюць сушы, але кава ў меню таксама ёсць. Валодаюць установай беларусы. Пра тое, як нарадзілася ідэя ўстановы, чаму бізнэс наважылі пачаць у Прушкаве і колькі ў яго давялося ўкласці, беларусы расказалі MOST.
Сяргей і Алег знаёмыя 11 гадоў. Алег — з Віцебскай вобласці, там ён меў сваю дастаўку сушы па Полацку і Наваполацку. Кажа, у гэтым бізнэсе ён быў піянерам у Віцебскай вобласці. Сяргей досведу ў рэстаранным бізнэсе не меў, але пасля пераезду ў Польшчу ён зацікавіўся гэтай сфэрай і думаў адкрыць кавярню.
Два гады таму хлопцы сустрэліся ў Варшаве, абмяняліся ідэямі — і вось ужо месяц валодаюць сушы-барам.
Sushi Kawa — гэта гульня слоў. У японскай мове "гава" азначае "рака", тлумачаць хлопцы.
- Сушы рабіць мы ўмеем. Без залішняй сціпласці, мы можам даць гэтаму месту зусім іншы ўзровень. А спалучэнне сушы і кавы, напраўду, не такое ўжо рэдкае. У свеце поўна устаноў з такой канцэпцыяй, асабліва ў Амэрыцы, — кажа Алег.
У працоўным тандэме Сяргей бярэ на сябе арганізацыйныя абавязкі і працу з дакументамі, а Алег адказвае за кухню.
"Дзе ёсць McDonalds – там ёсць і кліенты"
Чаму для старту выбралі менавіта Прушкаў? Са слоў бізнэсоўцаў, з пошукам памяшканняў у Польшчы ёсць вялізныя цяжкасці.
- Здавалася б, вы з уладальнікам памяшкання ўмовіліся, ты кажаш, што заўтра вернешся з грашыма. А на наступны дзень гэтага памяшкання можа ўжо не быць.
Памяшканне, дзе цяпер знаходзіцца Sushi Kawa, выявілася даступным. А вызначальным чыннікам стала тое, што канкурэнцыя ў Прушкаве ніжэйшая, чым у сталіцы.
Аб патэнцыйным узроўні попыту хлопцы меркавалі з наяўнасці ў месце McDonalds.
- Маркетолагі McDonalds — разумныя і дасведчаныя людзі. Дзе ёсць McDonalds — там ёсць і кліенты, — запэўніў Алег.
Самым складаным у старце бізнэсу беларусы называюць атрыманне ўсіх дакументаў.
Адкрыццё ўстановы беларусам каштавала больш як 60 тысяч злотых. Памяшканне было ўжо з рамонтам, які рабіў папярэдні арандатар — за гэта давялося плаціць адступныя.
Але хлопцы прызнаюцца, што і гэтая лічба не канчатковая: шмат што ў інтэр'еры хочацца дарабіць — а гэта яшчэ «-ццаць» тысяч укладанняў.
Беларусы мяркуюць, што ў Польшчы, адкрываючы свой бізнэс, трэба на ўсялякі выпадак мець вялікую фінансавую падушку — 60% ад сумы ўкладанняў.
— Закрывацца часам даражэй, чым адкрывацца, — тлумачаць яны.
«Палякам трэба ўсё смажанае, з чаго б яно ні было зробленае»
Бізнэсоўцы адзначаюць: розніца паміж беларускімі і польскімі кліентамі каласальная. З назіранняў дзецюкоў, палякам не такая важная якасць і выгляд стравы, а яшчэ яны вельмі неахвотна каштуюць штосьці новае.
- Палякам усё гэта не трэба. Ім патрэбны толькі смажаны ласось і ў прынцыпе смажанае, з чаго б гэта ні было зробленае. І самае галоўнае — каб танна », —- засмучана кажа Алег.
Самы танны набор у бары складаецца з васьмі сушы і каштуе 20 злотых — менавіта ён карыстаецца ў палякаў найбольшай папулярнасцю. А вось беларусы і ўкраінцы купляюць значна больш ахвотна і зазвычай бяруць на суму большую за 100 злотых, каштуючы і навінкі, а не толькі «Філадэльфію».
У перспектыве беларусы плануюць перайсці выключна на аўтарскія начынкі, паасобныя з якіх ужо даступныя ў меню.
Установа працуе толькі месяц, але беларусы ўжо сутыкнуліся з несумленнай канкурэнцыяй.
- Унутры ўстановы збольшага працую я, таму кожнага кліента ведаю ў твар. Дык вось, пад нашай установай у Google з'явіліся водгукі з адной зоркай, без апісання і дададзеных фотаздымкаў. Проста адна зорка. Я з упэўненасцю магу сказаць, што гэтых людзей, мяркуючы з фотаздымкаў і імёнаў, у нас ніколі не было, - кажа Алег.