«Ніколі не рабіла ў Беларусі такія працэдуры пад наркозам»
3- 30.11.2023, 14:07
- 6,622
Беларуска параўнала, як праводзяць гігіенічнае ачышчэнне зубоў у Берасці і Беластоку.
Алена (імя змененае) звыкла рэгулярна рабіць ачышчэнне зубоў. Перад ад'ездам з Беларусі дзяўчына апошні раз праходзіла працэдуру ў звычайнай раённай паліклініцы Берасця, але паслуга была платная. Асталяваўшыся ў польскім Беластоку, Алена запісалася на тую ж працэдуру ў прыватную стаматалогію. На просьбу MOST яна параўнала варункі і цэны ў Беларусі і Польшчы.
— Першае, што здзівіла ў Берасці — гэта рыпучае крэсла і цьмянае асвятленне. Да таго я праходзіла лячэнне і прафілактыку ў Менску, і мне было з чым параўнаць. А падчас самым ачышчэннем зубоў мяне перыядычна прасілі паласкаць паражніну рота. Нічога незвычайнага, калі б не адно "але": у мяне тады спыталі, ці ўзяла я з сабой сурвэткі, каб выціраць твар.
Другі шок — гэта тое, як лекарка раённай паліклінікі абыходзілася з інструментамі: неасцярожна, хутка і балюча. Але і каштавала гэта ў параўнанні з менскімі цэнамі нядорага — толькі 60 рублёў.
Але галоўнае — гэта фініш. Ён у мяне быў у першасным сэнсе крывавым. Дзясна сплывае крывёй яшчэ пэўны час пасля заканчэння працэдуры, а наступныя 3-4 дні я магла есці толькі мяккую ежу, дзіцячыя пюрэ, напрыклад.
"Ого, усё так тэхналагічна!"
У Беластоку стаматолага я шукала праз знаёмых. Хацела расейскамоўнага, бо па-польску пакуль гавару не вельмі добра.
Першая думка, якая ўзнікла ў галаве, калі патрапіла да лекара: «Ого, усё так тэхналагічна!». Гэта не рэакцыя на багацце тэхналогій тут — болей здзіўленне, што шмат чаго з гэтага не было ў паліклініцы ў Беларусі.
Агляд стаматолага каштаваў 100 злотых. На ім высветлілася, што частка пломбы некуды знікла, і яе пажадана замяніць у найбліжэйшы месяц-паўтара.
Запісалася на чарговае ачышчэнне. І тут высветлілася, што ў Польшчы прафесійную гігіену паражніны рота робіць не лекар-стаматолаг, як мы прывыклі, а гігіеніст. Убачыўшы на маім твары здзіўленне і шок, лекарка запэўніла, што ўсё будзе добра.
Гігіеністка з парога пачала задаваць пытанні. Пыталася, ці даўно я рабіла чышчэнне, якому аддаю перавагу і навошта прыйшла да яе. Пытанні збольшага былі зразумелыя, але адказаць я з прычыны няведання польскай мовы не магла — давялося пераходзіць на ангельскую мову. На шчасце, гэтая ўсмешлівая жанчына магла падтрымаць размову.
Мне надзелі акуляры, спецыяльную накідку, каб не выпацкаць адзенне, і папрасілі крычаць, калі адчую боль.
Спачатку працэдура нічым не адрознівалася ад таго, што мне рабілі ў добрай менскай стаматалогіі. Выдаленне камянёў і ачышчэнне зубоў ад налёту — гэтыя маніпуляцыі мне былі знаёмыя.
"Ніколі не рабіла ў Беларусі такія працэдуры пад наркозам"
Потым гігіеністка спытала, ці патрэбная мне анэстэзія. Я зноў здзівілася, але ад ін’екцыі адмовілася: ніколі не рабіла ў Беларусі такія працэдуры пад наркозам. А потым стала ясна, чаму паступіла такая прапанова. Інструменты, якімі працавала жанчына, моцна адрозніваліся ад звыклых мне. Адзін, напрыклад, быў падобны да пемзы. Ім гігіеністка неймаверна хутка вычышчала рэшткі камянёў паміж зубоў. Гэта давала боль і непрыемныя адчуванні.
Усё ачышчэнне (у тым час гутаркі) доўжылася толькі 30 хвілін. Гэта нашмат менш, чым было ў Беларусі. І пры гэтым даражэй — 350 злотых без пакрыцця гель-фторам. Выявілася, што ў Польшчы гэта асобная працэдура, якую не робяць апрыёры. Каштуе яна яшчэ 100–150 злотых.
Як мне патлумачылі, звязана гэта з так званымі “інтэрнэтнымі змовамі”. Чуткі абвяшчаюць, што фтор можа нашкодзіць, асабліва дзецям. Яшчэ зубы могуць не пакрыць гель-фторам пасля ачышчэння, калі неўзабаве плануецца лячэнне зубоў. Гэта аргументуецца даследаваннем, якое даказала, што фтор пагаршае адгезію пломбы. Пра гэта мне пазней расказаў лекар.