Чарговая схема ашуканцаў: беларусам паведамляюць пра грашовую кампенсацыю
4- 30.11.2023, 15:28
- 9,660
Будзьце пільныя.
Вярхоўны суд Беларусі папярэдзіў аб новым тыпе махлярства. Перасцярогу апублікавала прэс-служба судзейскага органа. Чалавеку паведамляюць, што ён прызнаны пацярпелым у крымінальнай справе і яму прысудзілі кампенсацыю. Вось толькі каб яе атрымаць, трэба аплаціць судовыя выдаткі.
"Звяртаем вашу ўвагу на з'яўленне разнавіднасці ашуканцаў, якія спрабуюць дзейнічаць ад імя дзяржаўных органаў, наўмысна ўводзячы вас у зман, паведамляючы праз тэлефон фальшывую інфармацыю аб нібыта належнай ад імя суда выплаце грашовай кампенсацыі", — гаворыцца ў паведамленні.
У Вярхоўным судзе распавялі, што ашуканцы паведамляюць аб тым, што чалавек ці яго родныя былі прызнаныя пацярпелымі ў крымінальнай справе і зараз суд выплачвае грашовую кампенсацыю.
Падвох у тым, што для атрымання грашовых сродкаў прапануецца аплаціць судовыя выдаткі - напраўду, гэта чарговая схема махлярства.
Нагадаем, ашуканцы ўвесь час асвойваюць новыя метады і схемы падману беларусаў: напрыклад, пераконваюць людзей у тым, што на руках нельга захоўваць шмат грошай, а іх лішак просяць пакласці на ўказаны імі рахунак. Акрамя таго, аферысты выйшлі на новы ўзровень - зараз яны тэлефануюць праз відэасувязь з кабінета і з пасведчаннем.