Пад Гародняй назіралі незвычайныя аблокі
3- 30.11.2023, 17:47
- 6,610
З'ява ўважаецца за рэдкую і вельмі шануецца сярод назіральнікаў за небам.
Фатаграфіямі незвычайнай з'явы падзялілася выданне newgrodno.by. Чытач выдання зняў у наваколлях абласнога цэнтра незвычайныя аблокі, падобныя на пагоркі, барханы пустыняў і пуховую коўдру.
Выглядала гэтая прыгажосць наступным чынам.


Суразмоўцы, да якіх звярнуліся журналісты onliner.by, выказалі здагадку, што на камеру трапілі asperitas (у перакладзе з лацінскага «шурпатасць») – гэта хвалістасць ніжняй часткі, характэрная для слаіста-кучавых і высокакучавых аблокаў.
«Asperitas характарызуецца наяўнасцю лакалізаваных хваляў у аснове воблака, як гладкіх, так і спярэшчаных малымі элементамі, часам з завостраным заканчэннем, як быццам назіральнік глядзіць на паверхню неспакойнага мора з-пад вады», – сказана на сайце Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі.
А вось што расказалі ў Белгідрамеце:
– На першы погляд гэта адна з разнавіднасцяў аблокаў верхняга яруса – перыстыя. Аднак пры больш дэталёвым разглядзе нас збянтэжыла вышыня воблачнасці: для перыстых занізкая (хоць з фота вышыню складана ацаніць), і над імі як быццам бачны вэлюм перыста-слаістых. Выкажам здагадку, што гэта ўсё ж такі воблачнасць ніжняга яруса, якая за кошт турбулентнага працэсу ў няўстойлівай паветранай масе набыла ярка выяўленую хвалістую структуру. Акрамя таго, узмацніць эфект можа і заходнае сонца, якое падсвятляе аблокі.
Падобная з'ява ўважаецца за рэдкую і вельмі шануецца сярод назіральнікаў за небам. Узнікненне asperitas не абмяжоўваецца нейкай канкрэтнай вобласцю ці часам года.

